Міністэрства адукацыі адмовілася спыніць русіфікацыю польскіх школаў

photo

Бацькі дзяцей, якія навучаюцца ў гарадзенскай польскамоўнай школе атрымалі адмоўны адказ на свой ліст у Міністэрства адукацыі РБ, які падпісалі 380 асобаў.

Як паведамляе адзін з бацькоў Веслаў Кеўляк, ліст прыйшоў некалькі дзён таму. Некаторыя з бацькоў вучняў школы № 36 у Горадні адразу сабраліся на нараду. Падчас бурлівай бацькі пастанавілі, што не пагаджаюцца з пастановаю і будуць рабіць далейшыя крокі дзеля адмены планаваных зменаў у польскіх школах.

«Вельмі дзіўна, што ў сваім адказе Міністэрства адукацыі абсалютна не лічыцца з меркаваннем грамадзянаў Беларусі. У абгрунтаванні прадстаўленыя незразумелыя аргументы. Калі спыталі прычыны, чаму ўводзяцца такія змены ў Кодэкс, нам адказалі, што прычына – нізкі ўзровень навучання ў польскіх школах і адсутнасць канкурэнтаздольнасці. Афіцыйныя статыстыка падае, што польскія школы як у Горадні, так і Ваўкавыску маюць высокі ўзровень навучання. Нядаўна трое вучняў нашай школы сталі аднымі з пераможцаў на абласной алімпіядзе па матэматыцы. Гэта вялікі поспех для школы. Акрамя таго 80 % выпускнікоў у мінулым годзе паступіла ў ВНУ. Гэта вялікі паказальнік канкурэнтаздольнасці», – кажа Веслаў Кеўляк.

Калі змены ў Кодэксе аб адукацыі адбудуцца, праз 2 гады пяць прадметаў будуць пераведзеныя з польскай на дзяржаўную (хутчэй за ўсё расейскую – Заўв. Belsat.eu) мову навучання. А ўсе экзамены вучні будуць вымушаныя здаваць па-расейску або па-беларуску, хоць цягам усіх гадоў навучання прадметы вяліся на польскай мове, у прыватнасці матэматыка.

«Які сэнс вучыцца на польскай мове, калі экзамены трэба будзе здаваць на расейскай або беларускай? Нас вельмі непакоіць, што ў гэтых папраўках плануецца даць магчымасць мясцовым органам адукацыі спіс гэтых прадметаў пашыраць. Кожны загадчык аддзелу адукацыі можа сваім загадам перавесці прадмет з польскай мовы на іншую. Гэта парушае нашыя правы як нацыянальнай меншасці. Польская школа існуе больш за 20 гадоў. З муроў гэтай школы выйшла многа дзяцей. Мы лічым, што калі ўсё добра працуе, калі школы паказваюць добры ўзровень навучання, навошта гэта мяняць? Мы не пагаджаемся з папраўкамі і будзем пратэставаць усімі законнымі спосабамі, якія дазваляе беларускае права, – дадае Веслаў Кеўляк.

Праект Кодэксу аб адукацыі быў апублікаваны ў лютым 2017 года і на разгляд Палаты прадстаўнікоў павінен быць вынесены да ліпеня. Як выказалася на сустрэчы з бацькамі ў сакавіку прадстаўніца Мінадукацыі Ірына Каржова, выкладанне некаторых прадметаў па-расейску або па-беларуску палепшыць умовы сацыялізацыі дзяцей у грамадстве і дазволіць ім больш паспяхова здаваць экзамены і працягваць навучанне не толькі ў Польшчы, – пісалася раней у hrodna.life. Самі бацькі з такім абгрунтаваннем не пагаджаюцца.

Мінулы ліст у Міністэрства адукацыі Беларусі падпісала 380 бацькоў. Гэтым разам са сваёй скаргай бацькі плануюць аб’яднацца з польскай школай у Ваўкавыску і дзвюма літоўскімі школамі. Таксама бацькі ўзгадваюць, што згодна з польска-беларускімі дамовамі школа будавалася за польскія грошы дзеля адукацыі на польскай мове.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары