Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што Украіна рыхтуе шпіёнскі скандал


Мінабароны РФ заявіла, што ўкраінскія спецслужбы рыхтуюць правакацыю ў дачыненні да расейскіх афіцэраў, якія знаходзяцца ва Украіне ў складзе Супольнага цэнтру па каардынацыі і кантролю рэжыму цішыні на Данбасе (СЦКК), піша «Бі-Бі-Сі».

«Акцыя СБУ з затрыманнем расейскіх вайскоўцаў па абвінавачванні ў нібыта «шпіянажы» будзе рэалізаваная падчас ратацыі расейскага кантынгенту СЦКК», – паведамляе сайт ведамства.

Расейскія вайскоўцы сцвярджаюць, што інфармацыя пра гэта паступіла да іх «па некалькіх пэўным каналах».

У чэрвені расейскае Міністэрства абароны заяўляла, што існуе «абʼектыўная пагроза» для расейскіх афіцэраў, якія працуюць у складзе СЦКК на ўсходзе Украіны.

Гэта адбылося пасля таго, як Служба бяспекі Украіны (СБУ) выслала з краіны Уладзіміра Чэбана – кіраўніка расейскага прадстаўніцтва ССЦК. Яму быў забаронены ўезд ва Украіну на 5 гадоў.

Украінскі бок мяркуе, што Чэбан перадаў прадстаўнікам ДНР графікі і маршруты палётаў беспілотнікаў маніторынгавай місіі АБСЕ.

«Таксама палкоўнік Чэбан датычны да фальсіфікацыі расейскім бокам у СЦКК доказаў нібыта парушэнняў Менскіх дамоўленасцяў украінскімі вайскоўцамі», – сцвярджае СБУ.

СЦКК зʼявіўся пасля падпісання ў верасні 2014 года першых менскіх пагадненняў. У яго склад увайшлі афіцэры з Генштабу Расеі, а таксама прадстаўнікі ўзброеных сілаў Украіны.

Паводле прэс-цэнтру АТА, 4 кастрычніка на луганскім кірунку зафіксавана 36 парушэнняў «рэжыму цішыні», на данецкім 16, на марыупальскім 19.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў