Міністэрства абароны апраўдваецца за выпадак з танкам, які ўрэзаўся ў слуп


Прычына аварыі з удзелам 40-тоннага танка падчас рэпетыцыі параду ў Менску 24-га чэрвеня – слізкае дарожнае пакрыццё. Гэтак Міністэрства абароны тлумачыць надзвычайнае здарэнне, якое магло скончыцца не толькі матэрыяльнаю шкодаю, але і чалавечымі ахвярамі.

«Зробленыя ўсе магчымыя захады, каб такое больш не паўтарылася: праведзены дадатковы інструктаж і адмысловыя заняткі для адказных людзей. Правяранне яшчэ трывае, і па яго выніках будуць прынятыя адпаведныя пастановы. Адно можна казаць дакладна: тэхніка была спраўная».

Прадстаўнік Мінабароны Беларусі палкоўнік Уладзімір Макараў сказаў журналістам, што экіпаж, які кіраваў танкам, прымаць удзел у парадзе не будзе.

Незалежныя вайсковыя эксперты мяркуюць, што вінаватае можа быць не толькі надворʼе, але і кіроўцы танка, які ехаў на вялікай хуткасці і не пралічыў усіх рызык.

Адразу пасля таго, як танк знёс слуп асвятлення на праспекце Незалежнасці ў Менску, актывісты стварылі чарговую петыцыю супраць правядзення параду тэхнікі ў сталіцы. Цяпер да прэтэнзіяў пра дарагавізну імпрэзы дадалася яшчэ і небяспека насельніцтву. За дзень петыцыя сабрала ў інтэрнэце больш за 3,5 тысячы подпісаў.

Паводле Макарава, у вайсковым парадзе 3 ліпеня будзе задзейнічанае больш за 6 тысяч вайскоўцаў і 500 адзінак тэхнікі, а таксама авіяцыя, у тым ліку ўпершыню авіяцыя МНС.

belsat.eu

Стужка навінаў