Вітальд Вашчыкоўскі пра Белсат: «Не хачу, але мушу»


Вітальд Вашчыкоўскі. Фота: dziennik.pl

Кіраўнік польскага вонкавага палітычнага ведамства ў інтэрв’ю TVN24 раскрыў новыя аргументы скарачэння фінансавання «Белсату». У той жа час дырэктар каналу ўсцяж не атрымала афіцыйнага дакументу ў справе памеру датацыяў.

У чацвер тэлеканал TVN24 запытаў міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, ці ўрад мае намер скласці «Белсат» у ахвяру дачыненняў на лініі Варшава–Менск.

«Нічога пра гэта не ведаю, – адказаў Вашчыкоўскі. – Польскі ўрад – не ўладальнік «Белсату», і я – не ўладальнік, а толькі адзін з донараў».

На пытанне пра скарачэнне фінансавання з боку МЗС, заявіў, што «не хачу, але мушу – як казаў класік».

Раней у інтэрв’ю часопісу Wprost міністр заяўляў, што абмежаванне вяшчання «Белсат» было б часткаю дамовы з беларускімі ўладамі.

Аднак сёння кіраўнік польскага МЗС патлумачыў, што гэта абумоўлена міжнароднай сітуацыяй і каштоўнымі выклікамі, якія стаяць перад польскай дыпламатыяй. Сярод іх Вашчыкоўскі назваў стварэнне новых кансулатаў, тэлефоннага цэнтру для палякаў, якія жывуць у Вялікай Брытаніі або павелічэнне дапамогі для сірыйскіх уцекачоў на Блізкім Усходзе.

«Цяпер мы абмяжоўваем толькі датацыі, але мы не ўладальнікі «Белсату». «Белсат» мае магчымасць правесці рэформы, можа шукаць іншых донараў – у польскім урадзе або ў бізнесе, а таксама донараў за мяжой. Мы не можам вырашаць лёс «Белсату», – заявіў Вашчыкоўскі.

Апроч гэтага міністр дадаў, што беларускія ўлады паабяцалі пусціць у краіне польскія тэлеканалы «Палонія» і «Культура».

Аднак, нядаўна прэсавы сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык абвесціў, што беларускія ўлады толькі збіраюцца правесці аналіз магчымасці ўключэння польскага тэлебачання ў пакет беларускіх кабельных сетак.

Барацьба за існаванне «Белсату» працягваецца.

КБ, ДД

Глядзі таксама
Каментары