Мінфін: у краіне няма сродкаў, каб вярнуць беларусам даўгі па ўкладах з часоў СССР


Пра гэта 31 траўня, адказваючы на ​​пытанні дэпутатаў, паведаміў намеснік міністра фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.

«Гаворачы аб кампенсацыі ўкладаў, трэба дакладна задаць сабе пытанне: ці ёсць у нас сродкі, каб цалкам аднавіць кошт тых назапашванняў, якія былі ў нашых грамадзянаў. Увогуле, паклаўшы руку на сэрца, такой крыніцы ў нас няма», – сказаў Селіверстаў.

Чыноўнік таксама адзначыў, што «вярнуць тыя грошы, у тым абʼёме, і не толькі з савецкіх часоў, але і тых, якія нядаўна дэвальваваліся, гэта немагчыма», – канстатаваў прадстаўнік Мінфіну.

Беларускі рубель неаднаразова перажыў дэвальвацыю. Апошняе моцнае абясцэньванне беларускай валюты (на 30 %) адбылося ў 2015 годзе.

Нагадаем, што ў выніку гіперінфляцыі савецкая валюта цалкам абясцэнілася. Паводле амерыканскага эканамічнага журналіста Джуда Ваніскі, дзяржава «анулявала» $ 600 млрд (называюцца розныя лічбы), якія знаходзіліся на рахунках грамадзянаў Савецкага Саюзу.

Паводле таго ж Ваніскі, гэтае абясцэньванне – «экспрапрыяцыя» супастаўляльная з калектывізацыяй 30-ых гадоў.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў