Мінабароны РФ: расейскіх войскаў у Беларусі няма


Усе расейскія войскі, якія былі задзейнічаны ў беларуска-расейскіх стратэгічных вучэннях «Захад-2017», вярнуліся ў месцы пастаяннай дыслакацыі, заяўляюць у расейскім Мінабароны.

«Што тычацца падраздзяленні расейскіх войскаў, якія прымалі ўдзел у сумесных стратэгічных вучэннях «Захад-2017», усе вярнуліся ў пункты пастаяннай дыслакацыі», – сцвярджае афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ, генерал-маёр Ігар Канашэнкаў.

Учора начальнік Генштаба Украіны Віктар Мужэнка заявіў, што некаторыя расейскія падраздзялення пасля «Захаду-2017» засталіся ў Беларусі. Паводле ўкраінскага генерала, Расея вывела з Беларусі толькі некалькі падраздзяленняў і схлусіла пра тое, колькі яе вайскоўцаў было там першапачаткова.

Па словах Канашэнкава, заява Мужэнка аб «схаваных расейскіх войсках у Беларусі» дэманструюць яго прафнепрыдатнасць.

«Абсалютнае невалоданне аператыўнай абстаноўкай на выдаленні сотняў кіламетраў ад сталіцы ўласнай краіны і фантазіі пра колькасць якія знаходзяцца там войскаў – нагода для неадкладнага звальнення такога начальніка Генштаба», – заявіў Канашэнкаў, паведамляе «Інтэрфакс».

Мінабароны Беларусі словы Віктара Мужэнка ніяк не пракаментаваў. Але яшчэ 28 верасня ў абаронным ведамстве Беларусі заявілі, што апошні эшалон расейскага войска з асабовым складам і тэхнікай, якія бралі ўдзел у вучэннях «Захад», адправіўся да месца дыслакацыі «з адной з чыгуначных станцыяў Барысава».

Між тым 25 верасня расейскае Мінабароны паведаміла, што падраздзяленне спецыяльнага прызначэння Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) Расеі прыбыла ў Менск для ўдзелу ў сумесных двухбаковых тактыка-спецыяльных вучэннях, падрыхтоўка да якіх будзе ажыццяўляцца з 25 верасня па 8 кастрычніка. На наступны дзень Мінабароны Беларусі таксама паведаміла пра прыбыцце расейскага спецназу. Колькасць расейскіх вайскоўцаў пры гэтым не ўдакладнялася.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў