Мінабароны рассылае паведамленні тым, хто праз Zvarot.by патрабаваў адстаўкі кіраўнікоў ведамства


Міністэрства абароны спраўджвае звесткі тых, хто накіраваў у ведамства зварот.

Прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак, які праз сэрвіс Zvarot.by патрабаваў адстаўкі кіраўніцтва Міністэрства абароны, нечакана атрымаў адказ.

«Ад вашага імя ў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь паступіў электронны зварот. Просім Вас праверыць пазначаныя ў звароце звесткі і пацвердзіць факт адпраўкі Вамі электроннага звароту, адказаўшы на гэты ліст», – гаворыцца ў паведамленні.

Аляксей Мінчонак распавёў Belsat.eu, што думае пра такія лісты:

«Такім чынам міністэрства спрабуе ціснуць на падпісантаў. Некаторыя могуць напалохацца адказваць. Хтосьці палянуецца ці не заўважыць. А потым чыноўнікі міністэрства скажуць пра мэтанакіраваную спам-атаку і інфармацыйную вайну супраць іх».

Учора праз свой сайт Міністэрства абароны заявіла пра разгортванне «мэтанакіраванай кампаніі па дыскрэдытацыі ўзброеных сілаў».

Скандал вакол абароннага ведамства разгарэўся пасля смерці ў вайсковай частцы ў Пячах жаўнера Аляксандра Коржыча.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары