Мінабароны паведаміла пра чарговае звальненне афіцэраў з гарнізону, дзе загінуў Аляксандр Коржыч


Мінабароны Беларусі заяўляе, што праверка ў 72 аб’яднаным навучальным цэнтры ў Пячах, дзе загінуў Аляксандр Коржыч, працягваецца.

«Як паведамлялася раней, шэраг службовых асобаў 72 АНЦ звольнены з шэрагаў Узброеных Сіл за непрыняцце мер па перадухіленні гібелі вайскоўца, у тым ліку начальнік 3-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў, начальнік штаба – першы намеснік начальніка школы, камандзір вучэбнай роты, старшына медыцынскай і старшына вучэбнай роты. Сярод адхіленых ад выканання службовых абавязкаў – начальнік штаба – першы намеснік начальніка 72 АНЦ і начальнік медыцынскай службы цэнтру», – паведамляе сайт Міністэрства абароны.

Скрыншот з сайту Мінабароны – кіраўніцтва вайсковай часткі ў Пячах. Пасля пачатку звальненняў старонка не абнаўлялася.

Учора стала вядома, што Следчы камітэт распачаў восем крымінальных спраў у дачыненні да васьмі вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паведамляе прэс-служба СК. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Паводле СК, труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай.

Стужка навінаў