Мінабароны Літвы: Беларусь у пытаннях вучэнняў «Захад-2017» больш адкрытая, чым Расея


Міністр абароны Літвы Раймундас Каробліс заявіў, што Беларусь паводзіць сябе больш адкрыта, чым Расея ў пытаннях вучэнняў «Захад-2017».

«Што мы дакладна адчуваем цяпер перад вучэннямі, дык гэта некалькі большая адкрытасць з боку Беларусі», – перадае словы міністра delfi.lt.

Паводле слоў Каробліса, гэтая адкрытасць можа быць звязаная з занепакоенасцю, ці не застанецца расейская тэхніка і вайскоўцы пасля вучэнняў на тэрыторыі Беларусі.

«Нарэшце, нездарма папрасіліся інспектары пасля вучэнняў з іх боку. А для таго, што добра было б, калі б яны ўсё ж зʼехалі, не засталіся, хаця само прыбыццё – ужо рызыка. Ёсць у гэтым і наш інтарэс, асабліва цікавасць нашых сяброў, каб войска пасля вучэнняў »Захаду« усё ж сышло. У адваротным выпадку ў нас будзе іншая сітуацыя з бяспекай », – сказаў Каробліс.

Беларусь запрасіла на вучэнні інспектараў суседніх краін і міжнародных арганізацый.

Нагадаем, што расейска-беларускія вучэнні «Захад» адбудуцца 14-20 верасня. Паводле афіцыйных дадзеных, у іх возьмуць удзел каля 12 700 вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, да 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў, каля 200 гармат, сістэм залпавага агню і мінамётаў, да 10 караблёў.

Між тым яшчэ напрыканцы ліпеня шэраг заходніх выданняў, сярод якіх The New York Times, напісалі, што ў гэтых вучэннях прымуць удзел за 100 000 вайскоўцаў. Такая лічба была атрыманая імаверна ад амерыканскай выведкі.

Паводле дадзеных літоўскіх спецслужбаў, верагодна падчас вучэнняў «Захад» будзе імітавацца ўзброены канфлікт з НАТА. Частка вучэнняў пройдзе ля мяжы з Літвой, таму літоўскі бок не выключае верагоднасці інцыдэнтаў і правакацый.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў