Мільённыя рахункі за секс па тэлефоне, здзекі над жанчынамі і... любоў


Гэтая гісторыя доўжыцца ўжо цягам 30 гадоў. Менавіта столькі мінулым летам споўнілася галоўнаму яе герою – Раману з Ліды. Ён мае цяжкую псіхічную хваробу, якая не дазваляе яму жыць у грамадстве. 20 гадоў ён бадзяецца па спецыялізаваных інтэрнатах, адкуль яго раз на год рэгулярна адпускаюць дадому, дзе яго заўсёды чакае мама. Але кожны раз пабыўка Рамана скончваецца аднолькава: яго з міліцыяй вязуць назад.

«Рома некалькі разоў на дзень мыецца ў душы, а пасля гэтага мые ручнікі»

Ён нарадзіўся ў сямʼі, якую цяжка назваць шчасліваю: такіх, як ягоны бацька, у народзе называюць шалапутнымі і дэбашырамі. Відавочцы распавядаюць, што не было і дня, каб ён не прыходзіў дадому пабітым, або абадраным – увесь час ён ладзіў бойкі, быў задзірлівым і агрэсіўным, запойным алкаголікам. Не змяніла яго нават нараджэнне сына. Аднойчы, калі хлопчыку было менш за год, ён забег у кватэру і стаў патрабаваць у жонкі грошы на куплю мапеда, які толькі што ўбачыў у краме. Схапіўся за нож.

– Нават і не ведаю, як нам тады ўдалося з ім справіцца, – узгадвае маці Ромы, – пакуль мы сварыліся, бабуля цераз балкон перадала Ромку суседцы збоку, і перабралася да іх сама. Выклікалі міліцыю, і ўсё супакоілася. Хаця такіх выпадкаў было шмат.

З дзяцінства было зразумела, што ў хлопчыка не ўсё ў парадку з псіхікаю. Яму ставілі дыягназ аўтызм, потым – алігафрэнія і шызафрэнія, настаўніца прыходзіла дадому. Так цягнулася некалькі гадоў, пакуль аднойчы Рома, маючы прыступ агрэсіі, не сарваў з настаўніцы шапку. Гэта стала паваротным момантам у лёсе хлопчыка – ад таго часу ён бадзяецца па інтэрнатах…

– А мне ён падабаецца, – з усмешкаю кажа суседка сямʼі, – аднойчы я была ў іхнай кватэры, калі ён прыязджаў на пабыўку, дык чысціня неймаверная! Малайчына ён. І ў ліфце калі сустракаліся – заўсёды стаіць у кутку смірна, і ўвесь такі чысценькі…

Гэтага ў Рамана не адняць: ён па некалькі разоў на дзень прымае душ (дзе абавязкова мыецца з шампунем), пасля кожнага разу мые ручнікі. Яшчэ ён увесь час мые рукі і падоўгу плёскаецца ў ракавіне з адным кубкам. Вось толькі 30 (!) кубаметраў гарачай вады, што Рома выкарыстаў цягам месяцу падчас мінулага прыезду дадому, наўрад ці будуць лёгкім грузам для пенсіі ягонай маці. Раман – акуратыст, ён мае хворую цягу да таго, каб на стале ўсё ляжала пад лінеечку. Ён можа год не быць удома, а затым прыехаць і зладзіць маці разнос за тое, што дзве нейкіх кніжкі па чорнай магіі ў секцыі ляжаць не ў тым парадку, у якім Рома іх пакінуў. Вось толькі ці ёсць гэтая цяга да парадку вынікам добрага выхавання?..

 

Спачатку, тыдні два пасля шпіталю ён спакойны, – распавядае маці Ромы, – пакуль шпітальныя таблеткі дзейнічаюць – ён затарможаны і неактыўны. Але ўдома ён іх не пʼе (хоць лекар строга рэкамендуе піць) – але што я магу зрабіць? Ён кожны раз абяцае іх піць, і не пʼе… І цягам наступных двух тыдняў пасля гэтых, спакойных, становіцца ўсё больш агрэсіўным. Прайшла аднойчы міма яго, ён у зале сядзеў, і зачапіла яго халатам. А ён толькі што з ваннай выйшаў… Што тут пачалося! Проста шаленства. Думала, забʼе. Ды і калі вяртацца трэба – таксама шалёны – вядома, хто хоча ўсё жыццё з дурнямі прасядзець у інтэрнаце, без нічога…

«А дзе гарантыя, што ён не згвалтуе майго дзіцяці?»

 

Але нельга разглядаць гэтую гісторыю толькі з аднаго боку. Ёсць і другі, вельмі важны: Раман, калі казаць простай моваю, небяспечны псіхічны хворы. І гэта цягам гадоў становіцца праблемаю не толькі для мамы і суседзяў па лесвічнай пляцоўцы, але і для жыхароў усяго гораду.

– А што з яго магло выйсці? У яго ж дзед – дурань, бацька – дурань. І вось гэты дзед па пʼяні ягонага бацю нажом і зарэзаў, – узгадваюць суседзі.

І сапраўды, бацьку Рамана забіў ягоны дзед у 90-м годзе, калі Раману было каля пяці гадоў. Гэта здарылася ў вёсцы, непадалёку ад Ліды. Бацька і сын (дзед і бацька Рамана адпаведна) выпівалі. Невядома, што здарылася паміж імі, але адным ударам нажа ў сэрца бацька забіў свайго сына, за што (ужо ў чацвёрты раз) адправіўся ў турму.

Відавочна, што ў Рамана незадаволеныя сексуальныя патрэбы, якія, верагодна, пад уплывам працяглага ўстрымання або  хваробы перараслі ў нешта нездаровае: выпадковыя сведкі распавядаюць, што, падчас пабыўкі ўдома «на вакацыях» на смартфоне ён увесь час шукаў відэа з катаваннямі і здзекаваннямі над жанчынамі. Маці рэгулярна аплачвала без перабольшвання мільённыя рахункі за званкі сына ў сэрвісы знаёмстваў і сексу па тэлефоне.

– Вы вочы ягоныя бачылі? Гэта ж вулканы, што спяць і могуць абудзіцца ў кожны момант… А як ён гадзінамі туды-сюды па двары ходзіць са складзенымі за спіною рукамі, уткнуўшыся ў зямлю? Дзе гарантыя, што ён, прабачце, не згвалцяць майго дзіцяці? – абурана пытаецца шматдзетная маці, якая жыве ў адным доме з сямʼёй Ромы.

Рамана зноўку выпускаюць на пабыўку. Нягледзячы на тое, што апошнім разам ягоныя «вакацыі» скончыліся тым, што ён бегаў амаль цягам содняў па горадзе ад міліцыі і лекараў псіхлячэбніцы, якія прыехалі яго лавіць.

– Ну, так, былі там выпадкі. І петарды ў нашым парку падрываў пад носам у мінакоў, сабак палохаў, і да дзевак нейкіх малалетніх чапляўся, на камеру іх здымаў. Потым яшчэ быў выпадак, калі ён на вуліцы прапаноўваў дзяўчатам выпіць з ім шампанскага, тыя, натуральна, адмовіліся, і ён выліў гэтыя шкляначкі ім на галовы, – узгадвае мама Ромы, але голас яе абрываецца.

Як доўга яшчэ Раман будзе выходзіць з інтэрнату, каб потым з дапамогаю міліцыі зноўку туды патрапіць? Такое адчуванне, што ўсё зменіцца толькі тады, калі здарыцца трагедыя, да якой, падобна, усё бліжэй. Мама жа Рамана да апошняга верыць, што ўсё наладзіцца:

– А можа, гэтым разам ён знойдзе працу і будзе жыць, як усе? Ён патрабуе зноўку яго забраць, аднавіць дзеяздольнасць… Ну, а што, зірніце вакол, колькі дурняў, і ніхто ў інтэрнатах не жыве. Вядома, ежа там кепская, бʼюць санітары, холадна, што там за жыццё? Зубную пасту санітаркі забіраюць, яшчэ штосьці… Паспрабуй пражыві ўсё жыццё вось так, у гэтым шпіталі, як у турме. І ездзіць мне туды цяжка. А можа, забяру, і не будзе ён ужо ваду ліць ды грошы транжырыць… а можа, усё будзе нармальна, абяцае ж.

З этычных меркаванняў імёны герояў матэрыялу змененыя.

ЯБ, belsat.eu

Стужка навінаў