Мільён тонаў на год. Навошта Беларусі іранская нафта


Эканамісты лічаць, што замест іранскай нафты беларускай гаспадарцы б прыдалася мадэрнізацыя. 

«ПраСвет» наведаў адэскі порт, у якім на мінулым тыдні разгрузіўся танкер з іранскаю нафтай – адсюль яе ўпершыню трубою скіравалі ў Беларусь, на Мазырскі завод перапрацоўвання нафты. Дзяржаўныя медыі дэманструюць пастаўку як дасягненне і пачатак вялікага энергетычнага сяброўства, расейскія – як штосьці непатрэбнае.

Славуты танкер у адэскім порце.

Энергетычная незалежнасць – гэта асобная, балючая кропка ў шматвектарным нутры Лукашэнкі. За гады пабудовы гэтак званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі ён настолькі прызвычаіўся да танных нафты і газу, што эмоцыі на гэтую тэму пачалі прарывацца ў нечаканых месцах.

«Я б хацеў, каб нашыя навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энергіі. Каб не поўзалі на каленях нават перад нашымі братамі, выпрошваючы тону нафты ці кубаметр газу», – заяўляў кіраўнік Беларусі.

Поўзаць на каленях давялося віцэ-прэм’еру Уладзіміру Сямашку, якога адправілі ў Маскву дамаўляцца ў нафтагазавым пытанні. Гандаль той самы: Масква патрабуе дадаткова заплаціць за леташні газ і працягвае перакрываць пастаўкі нафты, Менск не прызнае выстаўленага кошту справядлівым. У якасці аргументу ў перамовах якраз прыдаўся вось гэты карабель у Адэсе: наліўны танкер пад панамскім сцягам.

«Гэта толькі першы танкер. Паводле нашай інфармацыі, такія пастаўкі мусяць быць штомесяц, прыкладна 80 тысячаў [тонаў], то бок адзін танкер штомесяц», – распавёў галоўны дыспетчар адміністрацыі Адэскага марскога порту Дзяніс Карпаў.

80 тысячаў тонаў сырой нафты штомесяц – гэта амаль мільён тонаў на год. Экспартаваць будуць маршрутам Адэса – Броды – Мазыр.

Ранейшыя пастаўкі былі праз чыгунку цыстэрнамі, але калі аб’ём большы за паўмільёна тонаў, то выгадней гнаць праз трубу.

У Кіеве даўно казалі, што гатовыя экспартаваць нафту ў Беларусь паводле давальніцкай схемы і прапанавалі трэйдарам вялізную зніжку на адэскія партовыя зборы – 75 %.

«Калі гэта па трубаправодзе, то мы можам перавальваць да 15 млн тонаў, калі чыгуначным транспартам, то гэта да 6 млн тонаў нафты на год», – кажа Дзяніс Карпаў.

Гэты аптымізм можа збіць Масква сваім галоўным козырам – самым нізкім коштам на нафту, практычна ўнутрырасейскім. Калі адкрые вентыль.

«Гэта штучная праблема, выкліканая задумамі нейкімі не эканамічнага характару. З эканамічнага гледзішча – як не атрымалася з венесуэльскаю нафтай. Везлі яе і праз Адэсу, і праз балтыйскія парты. Як ні круці, гэта перавалка, гэта доўгі маршрут», – лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Але якраз танная расейская нафта і газ нарадзіла неэфектыўную сістэму кіравання эканомікаю. Зашмат выдаткоўвалі, зашмат пазычалі. У развіццё энергетыкі не ўкладалі.

«Былі вялікія расейскія субсідыі – да 10 % ВУП у форме танных энерганосьбітаў. І раптам нам цяпер слаба пазычаюць, раптам расейскія субсідыі моцна скарачаюцца, і Беларусь не ў стане нічога сама зрабіць – ні пазыкаў аддаць, ні мадэрнізацыі правесці», – кажа Злотнікаў.

Масква ўжо не гатовая субсідаваць Менск наўзамен абяцанням сяброўства, там намякаюць на смачныя актывы. Якраз у дзень нафтагазавых перамоваў стала вядома, што Дзяржаўны камітэт маёмасці Беларусі выставіў на прыватызацыю 514 прадпрыемстваў.

Усе акцыі – з дазволу Лукашэнкі. У тым ліку стратэгічных і вайскова-прамысловых: «Беларуськалію», «Нафтану», МАЗу, Заводу колавых цягачоў, Баранавіцкага авіярамонтнага і нават «Другога нацыянальнага тэлеканалу». Як высветлілася, спіс не новы, гэтыя паўтысячы прадпрыемстваў Лукашэнка даўно гатовы прадаць, як ужо прадаў стратэгічны «Белтрансгаз». Проста пакуль набівае кошт.

Яраслаў Сцешык / Белсат

Фота вокладкі: Raheb Homavandi / Reuters

Рэпартаж упершыню выйшаў у выданні «ПраСвету» 24 сакавіка.

Іншыя тэмы:

  • Палкоўнік Барадач: «Лукашэнка апусціў прэзідэнта Расеі»;
  • Расейскія базы ў Беларусі ў абмен на газ;
  • Ці трэба баяцца вучэнняў «Захад»?
  • Як Расея прабуе пасварыць Беларусь і Літву?

Стужка навінаў