Мільярдным праектам пад Менскам будзе займацца кампанія з «Панамскага архіву»?


Кампанія «Pregan Foundation», якая фігуруе ў скандальным «Панамскім архіве», праз канадскія кампаніі будзе займацца рэалізацыяй беларускага праекту коштам у мільярд долараў.

Адпаведны ўказ аб рэалізацыі маштабнага праекту падпісаў 8 жніўня 2016 года Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета публікацыю «Панамскага архіву», якая прывяла да карупцыйных скандалаў у шэрагу краінаў, кіраўнік Беларусі назваў стральбой па верабʼях.

«Гэта толькі спроба падступіцца да выкрыцця карупцыйных дзеянняў гэтай сусветнай мафіі, на чале якой палітыкі. Ды і сярод журналістаў іх нямала, нават тых выданняў, якія былі прыцягнутыя нібыта да расследавання па «Панамскім скандале». Казаць пра тое, што гэта моцная антыкарупцыйная хваля, не варта. Але ёсць і іншы бок: будуць больш хітрэйшымі, як кралі, так і будуць красці. Не знайшлося яшчэ такога метаду ў свеце, каб ударыць па карупцыянерах у самы цэнтр. Паглядзім, што будзе далей. А вось гэты ўвесь вэрхал з нічога і ёсць той палітычны складнік. Вядома, яна больш палітычная, чым практычная. Але ўвесь свет убачыў, наколькі карумпаваны гэты самы свет», – сказаў кіраўнік краіны.

Паводле дакументу, паблізу Рудзенска ў Пухавіцкім раёне на плошчы каля 160 га будуць пабудаваныя заводы па вытворчасці лізіну, трэаніну і трыптафану, заводы па вытворчасці камбікармоў і перапрацоўцы насення алейных культураў, комплекс збожжасховішчаў, аўтакамбінат, а таксама навукова-даследчая лабараторыя.

На рэалізацыю праекту «Земляробства» будзе выдзелена да 300 га зямлі, дзе будуць вырошчвацца збожжа, зернебабовыя і алейныя культуры.[/vc_column_text][vc_single_image image=”388378″ img_size=”large”][vc_column_text]Праект па стварэнню высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу разлічаны на 2016-2032 гады. Фінансаванне плануецца ажыццявіць у тым ліку за кошт крэдытных рэсурсаў. Цяпер улады займаюцца пытаннем прыцягнення ільготнага кітайскага крэдыту.

Рэалізацыяй праекту будзе займацца ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» (БНБК). Кампанія была зарэгістраваная 11 жніўня 2016 года.

Паводле naviny.by, найбуйнейшым акцыянерам БНБК зʼяўляецца Менаблвыканкам, які валодае 33 % акцыяў, але асноўнымі ўладальнікамі можна назваць дзве канадскія кампаніі – «Biotech Agriculture International Inc» і «Agro Industries International Inc» ім належыць 27 % і 25 % акцыяў адпаведна. Яшчэ 15 % належыць расейскай кампаніі «Вирен-Инвест».

Паводле рэестру прадпрыемстваў канадскай правінцыі Квебек, «Biotech Agriculture International Inc» і «Agro Industries International Inc» зарэгістраваныя па адным і тым жа адрасе ў Манрэалі.

Асноўным акцыянерам абедзвюх кампаніяў зʼяўляецца «Pregan Foundation». Гэтая кампанія фігуруе ў «Панамскім архіве». Архіў змяшчае 11,5 млн файлаў, у якіх згадваецца мноства цяперашніх і былых сусветных лідараў, высокапастаўленых чыноўнікаў і вядомых людзей і звязаныя з іхнымі імёнамі афшорныя кампаніі, якія выкарыстоўваліся, каб пазбегнуць выплаты падаткаў.

Кампанія «Pregan Foundation» зʼяўляецца акцыянерам яшчэ 16 фірмаў, прадстаўніком якіх выступае швейцарскі адвакат Андрэ Золты (Andre Zolty). Гэты юрыст прадстаўляе інтарэсы 912 кампаніяў, згаданых у архіве. У швейцарскай прэсе ягонае імя фігуруе, у прыватнасці, у звязку з судовым працэсам у дачыненні да двух амерыканскіх бізнесменаў, прысуджаных да турэмнага зняволення за ўхіленне ад выплаты падаткаў.

У Менаблвыканкаме не каментуюць гэтую інфармацыю. Паразмаўляць з іншымі акцыянерамі ЗАТ БНБК і кіраўніцтвам кампаніі не атрымалася, паведамляюць naviny.by.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў