Міліцыянт, які злавіў дачку суддзі на парнаграфіі, атрымаў 5 содняў карцэру. За кнігу…

video

Жонка Міхаіла Куцко трымае фота мужа

Былы міліцыянт Міхаіл Куцко напісаў жонцы ліст з гарадзенскай турмы № 1.

У ім ён распавядае, што атрымаў 5 содняў карцэру – за тое, што «сядзеў на спальным месцы і чытаў кнігу ў дзённы час».

«Ні папярэджання або вымовы, як гэта звычайна бывае, а карцэр. Людзям за сон у дзённы час на першы раз не даюць карцэр, а мне далі», – напісаў экс-міліцыянт.

Міхаіл Куцко піша, што будзе старацца цяпер «строга выконваць распарадак дня і рэжым утрымання». Таксама ён просіць жонку нічога не дасылаць, каб засталося «дома, дзецям і табе».

Паводле крыніцаў Belsat.eu, перад прызначэннем карцэру да Міхаіла прыходзілі аператыўнікі і пыталіся пра Алену Б – працаўніцу міліцыі Шчучынскага РАУС, якую Куцко падазраваў у распаўсюдзе парнаграфіі ў інтэрнэце.

Лейтэнанта Міхаіла Куцко арыштавалі 23 студзеня па артыкуле «Атрыманне хабару» (ст. 430 крымінальнага кодэкса), цяпер ён знаходзіцца пад вартаю ў гарадзенскай турме № 1. Яшчэ ў верасні, прадчуваючы небяспеку, міліцыянт запісаў відэа, дзе распавёў сваю гісторыю.

«Ад маіх агентаў я атрымаў інфармацыю, што афіцэр памежнага камітэту в/ч 2141 мае выхад на незаконныя вайсковыя фармаванні самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі. – распавядае ў відэазапісе Міхаіл Куцко. – Паводле майго інфарматара, афіцэр С. можа звесці з адпаведнымі людзьмі для найму ў вайсковыя фарманні ДНР. Я тэрмінова дакладаю гэтыя звесткі свайму кіраўніцтву»… «Я не ведаю на якой пасадзе працуе гэты афіцэр. Можа ён кіраўнік заставы і хлопцаў, якія скочваюць службу, рыхтуе на вайну, а калі ен зампаліт або оперупаўнаважаны, тады ўвогуле ён можа вербаваць жаўнераў на кампрамаце і адпраўляць на вайну за ДНР. Як мінімум КДБ мусіла гэта спраўдзіць», – заявіў напярэдадні арышту міліцыянт.

Пасля яму ў крымінальнай міліцыі параілі забыцца пра справу з ДНР, бо там «усё ўзгоднена», у сваю чаргу Міхаіл вырашыў данесці інфармацыю да кіраўніцтва КДБ.

Пазней Міхаілу прыйшлося пакінуць службу ў міліцыі, пасля таго, як ён нібыта атрымаў хабар ад Алены Б, падчас следчага эксперыменту.

Апісаная сітуацыя са следчым эксперыментам праводзілася ў верасні, тады Міхаіла не затрымалі, не была ўзбуджаная крымінальная справа. 20 студзеня яго папрасілі зайсці ў РУУС, зусім па іншай справе, на кансультацыю, дзе яго затрымалі, а 23 студзеня перавялі ў турму.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары