Міліцыянт, які добраахвотна пайшоў у закладнікі: у той сітуацыі нельга было паказваць страх


МУС Беларусі раскрывае новыя падрабязнасці нападу на банк з захопам закладнікаў у Магілёве.

28-гадовы грамадзянін Расеі ў панядзелак спрабаваў абрабаваць банк у Магілёве. Захапіўшы закладнікаў, ён атрымаў ад працаўніцы банку грошы, запатрабаваў у міліцыі аўтамабіль і магчымасць вольнага выезду. Але трапіў у пастку.

Спланаваны напад

Больш за 10 асобаў трапілі ў закладнікі да 28-гадовага мужчыны 20 лістапада ў аддзяленні «Беларусбанку» у Магілёве. Паводле сведкаў, злачынца ўварваўся у банк пасярод працоўнага дня ў масцы, стрэліў і скамандаваў «Усім на падлогу!». Потым падышоў да акенца касы і запатрабаваў грошы.

Як паведамляецца на сайце МУС Беларусі, пасля затрымання ў рабаўніка ў заплечніку апынуўся жорсткі дыск з запісамі камер назірання банку. Таксама ў затрыманага акрамя агнявой зброі быў пры сабе нож.

Адразу пасля захопу працаўніца банку паспела націснуць на трывожную кнопку. Таксама паведамленне ў міліцыю даслаў адзін з закладнікаў, хоць рабаўнік запатрабаваў ва ўсіх аддаць мабільныя тэлефоны. Міліцыянты адразу заблакавалі выхады і падыходы да банку.

Палкоўнік міліцыі пайшоў у закладнікі

Праз некалькі хвілінаў супрацоўніца банку выйшла да міліцыянтаў перадаць паведамленне ад рабаўніка: скласці зброю, бо ён пачне забіваць, і даслаць яму перамоўцу. На перамовы ў памяшканне банку пайшоў палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў пад выглядам супрацоўніка службы бяспекі банку. Ён жа станецца і закладнікам у міліцэйскім аўтамабілі, які дадуць злачынцу на замен вызвалення закладнікаў.

Палкоўнік – за стырном, злачынца – на заднім сядзенні, аўтамабіль выехаў у бок прыватнага сектару. Увесь час злачынца трымаў палкоўніка на прыцэле. Заўважыўшы пераслед, рабаўнік запатрабаваў у закладніка перадаць міліцыянтам, каб адчапіліся. У гэты момант Аляксандр Васільеў выбег насустрач калегам і падаў знак затрымліваць злачынцу.

Мужчына ў масцы паспрабаваў перасесці за стырно, але наперадзе стаялі дзве міліцэйскія машыны. Тады ён кінуўся наўцёк, але яго спынілі стрэламі. Паранены ў ногі, злачынца не здолеў збегчы.

Фота: http://mvd.gov.by

«Шмат хто пытаўся ў мяне потым, ці было мне страшна, – распавядае Аляксандр Васільеў. – З усмешкай я адказваў, што, канешне, не. А цяпер магу шчыра сказаць – не маюць страху толькі дуракі. Але ў той сітуацыі нельга было паказваць страх».

На шчасце, акрамя раненага ў ногі злачынцы, ніхто не пацярпеў. Закладнікам у банку аказалі медычную дапамогу, некаторым з іх стала дрэнна праз стрэсавую сітуацыю. Рызыка была вялікай і пры затрыманні пасярод жылога прыватнага сектару.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў