«Міліцыянт пабачыў бел-чырвона-белы сцяг і, можа, уявіў сабе новую зорачку»


Цімафей Дранчук каментуе прэтэнзіі з боку ДАІ

Цімафей Дранчук распавёў пра нервовую рэакцыю супрацоўніка ДАІ на беларускую сімволіку.

Апошняму не спадабаліся бел-чырвона-белы сцяг і беларускі нацыянальны арнамент на аўце. Менавіта таму ён спыніў машыну Цімафея Дранчука – удзельніка акцыі «БЧБ-мабіль», якую нядаўна абвясціла «Арт-Сядзіба». Сэнс акцыі ў тым, што арганізацыя дорыць кожнаму адважнаму кіроўцу беларускую сімволіку, якая мае ўпрыгожваць аўты.

Спачатку супрацоўнік ДАІ спрабаваў упэўніць Цімафея Дранчука ў неабходнасці праехаць у РАУС, хаця прычынаў для гэтага не было. Праз гадзіну чаканняў Цімафея Дранчука адпусцілі, выпісаўшы штраф за танаванае шкло.

Спынілі з-за сцягу, пасля казалі, што была арыенціроўка

Безумоўна, па ўсёй рэакцыі было бачна, што супрацоўніка ДАІ ўзбудзіла менавіта наяўнасць сцяга на машыне.

Ён настолькі нерваваўся, што, можа, уявіў новую зорачку нейкую ці што. Я больш-менш разбіраюся ў паводзінах міліцыянтаў і бачу, што для яго гэта было як затрыманне сурʼёзнага злачынцы.

І ён у прынцыпе не хаваў гэтага. Ён сказаў: «А што гэта ў вас за незразумелая такая сімволіка?» На што я адказаў: «Можа быць, вам яна незразумелая. Мне зразумелая». Ён сказаў: «Разбірацца з гэтым будзе кіраўніцтва». То бок падставай зʼяўляўся менавіта сцяг. А пасля яны (ДАІшнікі) спрабавалі патлумачыць, маўляў, не, ні ў якім разе, гэта была арыентыроўка.

Людзі рэагуюць на сцяг пазітыўна

Гэты канфлікт – кропля ў моры ў параўнанні з тым, як на гэта рэагуюць звычайныя грамадзяне. 2,5 тыдні ўжо езджу з гэтым сцягам, і рэакцыя грамадзянаў не перастае мяне здзіўляць. Людзі праз чатыры паласы на праспекце, бывае, спыняюцца, калі мяне засланяе аўтобус, каб прапусціць, пасігналіць мне, паказаць, што сцяг файны. І такіх рэакцыяў вельмі шмат.

І я, па праўдзе кажучы, калі пачаў ездзіць са сцягам, проста не разлічваў на такую рэакцыю. Гэта рэальна зараджае аптымізмам, добрым настроем.

І разумееш, што ў нашай краіне не ўсё так дрэнна, калі людзі ведаюць, што такое бел-чырвона-белы сцяг, і так на яго рэагуюць.

Калі будзе шмат кіроўцаў са сцягамі, будуць менш штрафаваць

Штрафы ДАІ можа выпісваць заўсёды, у любой сітуацыі. Напрыклад, у мяне гэтая плёнка ёсць. Ёсць у мяне сцяг ці няма, калі мяне затрымаюць, спыняць і звернуць увагу на гэтую плёнку, то выпішуць пратакол. Канешне ж, у іншай сітуацыі, верагодна, што яны б гэтага не зрабілі.

Пры гэтым баяцца, што яны зараз унясуць мяне ў нейкую базу, што мяне пачнуць спыняць усе ДАІшнікі, каб выпісваць пратаколы, – гэта так жа бязглузда, як баяцца, што за кожным домам стаіць і сочыць за табой КДБ. Што слухаюць тэлефонныя размовы кожнага і што размаўляць пра Лукашэнку можна толькі шэптам.

Я лічу, што чым больш людзей з такімі сцягамі будуць ездзіць і паказваць, што яны робяць гэта адкрыта, тым менш верагодна, што ДАІшнікі за гэта будуць прыцягваць да нейкай адказнасці.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары