Міліцыя знайшла хуліганаў, якія напалі на Касінерава ў Маладзечна: іх асудзілі і ўжо выпусцілі


Чацвярых хуліганаў, якія здзейснілі напад на актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава і ягоных сяброў 21 чэрвеня ў Маладзечна, прызналі вінаватымі ў злосным хуліганстве (арт. 339 КК) і прысудзілі да арышту тэрмінам на 3 месяцы. Але паколькі падсудныя пасля затрымання ўжо знаходзіліся ў СІЗА 3 месяцы, хуліганаў вызвалілі ў зале суда.

Пра гэта паведамляе УУС Менаблвыканкаму.

«Суд палічыў, што абвінавачаныя, якія дзейнічалі групай асобаў, здзейснілі наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца ўжываннем гвалту і адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам», – сказана ў прысудзе.

Нагадаем, Цэнтральнай плошчы гораду Маладзечна ўвечары 21 чэрвеня 2017 года на Вячаслава Касінерава і ягоных сяброў (2 дзяўчыны і 1 хлопец) напала група хлопцаў. Касінераў атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пералом носу ды шматлікія гематомы. Паводле анархіста, нападнікі пры гэтым гучна выказвалі свае ўльтраправыя, неанацысцкія погляды.

Як паведамляе УУС Менаблвыканкаму, чацвярых фігурантаў затрымалі ў верасні. Тром – па 20 гадоў, аднаму – 22. Двое з затрыманых – жыхары Маладзечна, адзін – з Вілейскага раёну, адзін – са Смаргоні.

У канцы 2017 года ў судзе Маладзечна праходзілі паседжанні ў дачыненні да гэтых хлопцаў. Усіх чатырох вінавацілі ў чэрвеньскім хуліганстве, аднаго з фігурантаў, акрамя гэтага, яшчэ ў адной бойцы, якая мела месца ў іншым месцы і ў іншы час.

«Трэба адзначыць, што абвінавачаныя здзяйсненне хуліганства ў Маладзечне прызналі цалкам, распавялі пра свой удзел у падзеях, якія адбыліся, у зробленым раскаяліся. Акрамя гэтага, іх вінаватасць была пацверджана цэлым шэрагам даследаваных у ходзе судовага разбору доказаў па справе, у тым ліку і відэазапісамі камер назірання. Судом было ўстаноўлена, што ў той вечар кампанія маладых людзей задумала канфлікт з іншай кампаніяй. Не спадабаліся вонкавы выгляд і стыль зносінаў двух хлопцаў і двух дзяўчат. Пасля невялікага дыялогу на гэтую тэму абвінавачаныя перайшлі да актыўных дзеянняў. Яны збілі візаві, якія не супраціўляліся, прычым дасталася не толькі хлопцам, але і прадстаўніцам слабага полу», – адзначаецца ў прэс-рэлізе УУС.

У міліцыі пры гэтым выказваюць здзіўленне, што Вячаслаў Касінераў не стаў звяртацца ў праваахоўныя органы па факце нападу і наогул не жадаў супрацоўнічаць са следствам.

Вячаслаў Касінераў, каментуючы ў Фэйсбуку прысуд па справе аб нападзе ў Маладзечна, звярнуў увагу на яго мяккасць у параўнанні з прысудам па так званай «справе антыфашыстаў».

«Мы хочам нагадаць грамадству, а менавіта кожнаму і кожнай з вас пра «справу антыфашыстаў», па якой хлопцы па такім жа артыкуле паехалі ў турму на 10 гадоў, 6 гадоў і 4 гады. Яшчэ раз: збіццё натоўпам у цэнтры гораду, менш цяжкія цялесныя, запісы з доказамі з 2 відэакамер, поўныя паказанні сведак і прызнанне сваёй віны – 3 месяцы СІЗА. Сутычка ў тралейбусе, адсутнасць пацярпелых, разбітае шкло (выдаткі на якое аплацілі) і ўся следчая база ў выглядзе несумяшчальных паказанняў, здабытых пад прэсам на працягу года зняволення ў СІЗА – 10, 6 і два тэрміны па 4 гады адпаведна», – нагадвае актывіст.

Касінераў мяркуе, што гэта вычарпальна характарызуе адносіны сілавых структур і судоў Рэспублікі Беларусь да праварадыкальных груповак.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў