Міліцыя збірае паказанні супраць журналіста Змітра Лупача

video

Зміцер Лупач

Да блогера і грамадскага актывіста з Параф’янава Докшыцкага раёну Кастуся Шыталя 7 снежня наведалася міліцыя – праваахоўнікі цікавіліся журналістам з Глыбокага Змітром Лупачам, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат».

Міліцыянт паказаў фотаздымак Лупача і паведаміў, што на журналіста складаецца адміністратыўная справа. У гутарцы ўзгадаў сюжэт тэлеканалу «Белсат» пра збор подпісаў за прыпынак хуткаснага цягніка Менск-Полацк на станцыі Параф’янава. Потым міліцыянт папрасіў Кастуся Шыталя апазнаць гэтага чалавека і прыгадаць, хто ў яго браў інтэрв’ю, калі ён збіраў подпісы ў жыхароў Параф’янава, паведамляе baj.by.

Як распавёў belsat.eu Зміцер Лупач, пра новую адміністратыўную справу ён даведаўся ад Шыталя – да самога журналіста міліцыянты яшчэ не звярталіся. Паводле Лупача, гаворка зноў ідзе пра артыкул 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) – гэта ўжо чацверты пратакол супраць журналіста з Глыбокага за гэты год. У лістападзе Змітру Лупачу далі 35 базавых велічыняў штрафу за відэасюжэт пра Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, паказаны ў эфіры «Белсату» 20 верасня.

Нагадаем, паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», менавіта журналістаў нашага тэлеканалу беларускія ўлады пераследуюць часцей за ўсё.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары