Міліцыя затрымала высокапастаўленага чыноўніка з Дзяржстандарту


Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі затрымалі кіраўніка аднаго з дэпартаментаў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

Праваахоўнікі даведаліся, што чыноўнік за адкаты вырашаў пытанні, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Аперацыя была праведзена ў некалькі этапаў.

У Мінскім раёне пры атрыманні хабару ў памеры 20 тысяч даляраў ЗША быў затрыманы жыхар сталіцы, які раней таксама займаў высокую пасаду ў адной з інспекцый Дзяржстандарту. Паводле паказанняў затрыманага, грошы прызначаліся для перадачы кіраўніку Дэпартамента Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. У выніку абодва былі затрыманыя.

Паводле звестак міліцыі, са жніўня 2013 года па студзень 2015 года чыноўнік атрымаў ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый у якасці хабараў 35 тысяч даляраў ЗША і 30 мільёнаў недэмінаваных беларускіх рублёў, а таксама іншыя матэрыяльныя каштоўнасці.

«Падзяка» камерсантаў прапаноўвалася за выдачу дазволаў на вытворчасць будаўніча-мантажных работ і безумоўнае вырашэнне іншых пытанняў, якія ўваходзілі ў кампетэнцыю чыноўніка.

Следчы камітэт распачаў 7 крымінальных спраў у дачыненні да затрыманых па розных артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Пры правядзенні ператрусаў па месцы жыхарства чыноўніка ў рознай валюце канфіскавалі каля 10 тысяч долараў ЗША, каля 60 тысяч долараў ЗША заблакавана на банкаўскіх рахунках. Накладзены арышт на чатыры кватэры, зямельны ўчастак, грашовыя сродкi i iншая маёмасць фігурантаў на агульную суму каля аднаго мільёна беларускіх рублёў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў