Міліцыя затрымала партыю метадону на $ 3 млн


Беларускія сілавікі заяўляюць пра спыненне каналу пастаўкі наркотыкаў у Еўразвяз.

Беларуская міліцыя затрымала ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы, якая займалася транзітам метадону праз Беларусь ва Украіну і ў краіны Еўразвязу.

Спецаперацыя праходзіла ноччу побач з вёскай Сідаравічы, што ў Магілёўскім раёне. Праваахоўнікі спынілі для праверкі аўтамабіль «Жыгулі», у якім знаходзіліся 38-гадовы раней асуджаны грамадзянін Украіны і 26-гадовы беспрацоўны магілёвец. Падчас агляду аўта ў спецыяльна абсталяваных схованках аператыўнікі знайшлі і канфіскавалі 22 скруткі з метадонам агульнай вагай вышэй за 9 кг (больш за 200 тыс. дозаў наркотыку) на суму каля $ 3 млн.

У МУС сцвярджаюць, што затрыманыя ўваходзілі ў склад міжнароднай злачыннай групы, якая працяглы час займалася пастаўкай наркотыкаў, у тым ліку гераіну, з Сярэдняй Азіі ў краіны Еўразвязу, Беларусі ды Украіну.

Паводле МУС, іншыя чальцы гэтай групоўкі ўжо траплялі ў поле зроку аператыўнікаў. Цяпер сілавікі шукаюць арганізатара гэтай злачыннай групы.

НМ, belsat.eu, паводле mvd.gov.by

Стужка навінаў