Актывісты знаходзяцца ў Бараўлянскім аддзеле міліцыя РУУС Менскага раёна.
Сёння каля 20:45 каля рэстарацыі «Поедем поедим» адбылася бойка ахоўнікаў з абаронцамі Курапатаў. Першым не спадабаўся камень, які прынёс з сабой Філіп Шаўроў, актывіст «Маладога фронту».
«Хлопец заявіў, што камень – ягоны, і ён будзе яго бараніць», – сказаў «Белсату» адзін з удзельнікаў пікету, які быў сведкам здарэння.
Пасля гэтага адзін з мужчынаў, які здымаў на відэакамеру ўсё, што адбываецца каля рэстарацыі, выклікаў міліцыю. Міліцыянты, якія прыехалі на месца здарэння, затрымалі Філіпа Шаўрова, а таксама Максіма Вінярскага і Дзяніса Урбановіча.
Іх даставілі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі.
Ужо тры месяцы ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць рэстарацыі, якая адкрылася на пачатку лета побач з урочышчам Курапаты, месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы.
Паводле даследчыкаў, тут загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
ДД