Міліцыя склала пратаколы на 14 удзельнікаў шэсця на Дзень Незалежнасці


Міліцыя склала адміністратыўныя пратаколы ў дачыненні да 14 удзельнікаў шэсця ў Менску, якое адбылося 25 жніўня і было прысвечанае 25-годдзю ўваходжання ў сілу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

«25 жніўня 2016 года ў сталічным парку імя Я.Купалы сабралася група грамадзянаў, якая калонай прайшла па тратуары да плошчы Незалежнасці. У дачыненні да 14 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі складзены пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях, прадугледжаных арт. 23.34 Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў паведамленні ГУУС Менгарвыканкаму.

Ініцыятарам акцыі 25-га жніўня выступіла грамадскае абʼяднанне «Малады фронт». Акцыя пачалася з Купалаўскіх чытанняў у скверы імя Янкі Купалы ля помніка народнаму паэту. Затым каля 70 удзельнікаў акцыі прайшлі святочным шэсцем па праспекце Незалежнасці да аднайменнай плошчы.

Відэа праграмы «Абʼектыў» пра акцыю 25-га жніўня:

Калі ўдзельнікі практычна разышліся, пяцёра невядомых маладых людзей у байках з нацягнутымі на галовы капюшонамі закідалі ўдзельнікаў шэсця яйкамі і пабеглі ў бок вуліцы Мяснікова.

Нягледзячы на тое што ў пагоні за імі ўдзельнічала некалькі міліцыянтаў, якой-небудзь інфармацыі пра іхнае затрыманне не паступала.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў