Міліцыя агучыла сваю версію затрымання Андруся Козела


На афіцыйным сайце ГУУС Менгарвыканкаму паведамляецца, што «назіральнік Андрусь Козел адмовіўся выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі і спыніць відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасавання».

«Права на вядзенне відэаздымкі грамадзянін патлумачыў прыналежнасцю да аднаго з замежных СМІ, не акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь. З мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў, старшыня камісіі звярнуўся да супрацоўніка міліцыі, якія неслі службу на выбарчым участку», – напісана ў тлумачэнні.

Паводле праваахоўнікаў, Андрусь Козел «праігнараваў патрабаванні, аказаў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, хапаў супрацоўніка за форму».

Тады супраць Козела ўжылі фізічну сілу. У паведамленні адзначаецца, што ён «нагой пашкодзіў шкло дзвярэй выбарчага ўчастку».

Насамрэч Андруся Козела збілі чацвёра міліцыянтаў падчас стрыму з аднаго з выбарчых участкаў у Менску. Праваахоўнікі разбілі яму галаву аб дзверы выбарчага ўчастку, нанеслі чатыры ўдары па галаве. Наш калега быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на «Фэйсбуку».

Сёння Андруся Козела меліся судзіць, але цяпер невядома, дзе ён.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў