Міліцыя патлумачыла жорсткае затрыманне анархістаў і паказала... збітага амапаўца


Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Белта» апублікавала відэафайл з заяваю афіцыйнага прадстаўніка МУС. Падпалкоўнік Георгій Еўчар тлумачыць затрыманне анархістаў і паведамляе пра збітых працаўнікоў міліцыі.

Паводле Еўчара, анархісты на Маршы недарамаедаў парушылі заканадаўства, бо былі ў масках і не паслухаліся патрабавання зняць іх. «З мэтаю ўстанаўлення асобы, а таксама праверкі магчымай датычнасці да іншых правапарушэнняў было прынятае рашэнне аб правядзенні затрымання. Затрыманне адбывалася ў грамадскім транспарце, бо была небяспека, што правапарушальнікі ўцякуць», – патлумачыў Георгій Еўчар.

Паводле падпалкоўніка, затрыманыя аказвалі супраціўленне. «Адзін працаўнік міліцыі атрымаў траўмы і цяпер знаходзіцца ў шпіталі», – дадаў ён. Пры гэтым у пацверджанне словаў на відэа паказваюць чалавека ў цывільным, галаву якому перабінтоўвае супрацоўніца АМАПу. Потым гэтага мужчыну паказваюць на шпітальным ложку з падключанай кропельніцай.

Георгій Еўчар не даваў ацэнку сілавым дзеянням міліцыі, хоць вядома, што міліцыянты ў цывільным паводзілі сябе надзвычай жорстка. Яны гвалтоўна цягнулі людзей у міліцэйскія мікрааўтобусе, дзяўчат цягалі за валасы і валачылі па асфальце. У лік затрыманых трапілі таксама выпадковыя асобы.

У чацвер у Менску адбыліся суды: удзельнікам маніфестацыі як правіла прысуджалі доўгія тэрміны адміністрацыйнага арышту, найчасцей – 10-15 содняў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў