Гарадзенскія актывісты атрымалі першыя пратаколы за мітынг 19-га лютага


Анатоль Мышкевіч, Ежы Гіргенча з сябрамі

У мінулую масленічную нядзелю да 10-ці гарадзенскіх партыйных актывістаў, якія прымалі ўдзел у мітынгу супраць дэкрэту №3, завіталі міліцыянты з запрашэннем на размову.

Першым пратакол атрымаў Ежы Гіргенча, чалец Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.

«Што тут каментаваць? Быў мітынг. Прыпісалі нам бунт. Частка першая артыкула 23.34 адміністратыўнага кодэксу РБ. Што стаялі на прыступках са сцягамі. Але мы ж яшчэ гулялі. Пратакол складаў Гаўрылюк Андрэй Андрэевіч, гэта старэйшы ўчастковы інспектар Ленінскага раёну. Сведкамі пойдуць Вайцешка, старэйшы лейтэнант і Нічыпар – яны і будуць сведкамі. У іх усё на камерах ёсць, таму тут тлумачэнняў нават не трэба. Хочаце пішыце, хочаце не пішыце. Ну я напісаў, што з пратаколам не згодны», – каментуе Ежы Гіргенча, размова з якім працягвалася каля 10-ці хвілінаў.

«Па вялікаму рахунку мы ведалі, на што мы ішлі. Нашыя ўлады ўсё роўна нам не прабачаць несанкцыянаваныя мітынгі. Ім усё роўна. Яны складаюць свае дубовыя законы. І проста хочуць далей грабіць людзей. Не могуць так грабіць, то будуць праз штрафы», – дадае спадар Ежы.

Наступным атрымаць свой пратакол быў запрошаны Анатоль Мышкевіч з БСДП:

«Выклікалі ўчора ў міліцыю. Зараз не бралі ніякіх тлумачэнняў. Сказалі, што ўся справа будзе разбірацца ў судзе. Дату суда вышлюць ці павесткай ці патэлефануюць. Пратакол далі падпісаць, там усё ўжо было складзена. На самой справе, я не разумею, чаму мяне выклікалі. Пра сам мітынг я і не ведаў, бо нядаўна толькі вярнуўся. Я туды прыйшоў, гляджу: стаяць мае сябры, знаёмыя са сцягамі. Стаяла міліцыя, якая не казала, што мітынг не дазволены. Чаму не правесці час у кампаніі сяброў?», – тлумачыць сітуацыю спадар Анатоль.

Анатоль Мышкевіч

Сяргей Верамеенка, член БХД, які таксама забіраў свой пратакол, лічыць, што пра запужванне тут няма гаворкі. Быў загад, і міліцыя выконвае гэты загад:

«Я быў шчыра здзіўлены. Да нас адносіліся вельмі лагодна. Вельмі прыязна нават. Я нават уражаны. Першы раз такое. І мне спадабалася тое, што спадар Вайцешка пагадзіўся з тым, што пратэстны патэнцыял людзей будзе расці. І ў мяне такое ўражанне было, што ён да гэтага ставіцца нейтральна. Проста выконвае сваю працу і, мажліва, чакае. Я думаю, што людзі ўсё роўна будуць выходзіць, таму што дэкрэт №3 стаўся гэтай апошняй кропляй, каторая ўжо ўзбудзіла людзей. Нават калі адмовяцца ад дэкрэту, не думаю, што людзі будуць сядзець і адсіжвацца па хатах. А калі не адменяць, уладам будзе яшчэ горш. Калі ўжо ў Бабруйску, у Баранавічах выходзяць тысячы людзей, то што можна гаварыць пра Горадню, дзе я ўжо толькі і чую: »Калі? Калі? Калі ўжо наступны раз?« Пратэстны патэнцыял усё ж такі расце», – кажа Сяргей Верамеенка.

Дата суда пакуль не вядома. Хутчэй за ўсё суд будзе адбывацца адначасова з усімі актывістамі, каму ўручылі пратаколы.

ПВ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары