Міліцыя пачала лавіць «круцякоў» на квадрацыклах – прычым яшчэ да заявы Лукашэнкі


У аўторак, 13 лютага, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў жорсткага пакарання для «круцякоў» на квадрацыклах і снегаходах за язду па сельгасугоддзям, а міліцыя яшчэ за некалькі дзён да таго выканала пажаданне кіраўніка дзяржавы.

На пасяджэнні Савета Бяспекі 13 лютага Лукашэнка заявіў:

«Пытанне да міністра ўнутраных справаў адзін: калі будзе наведзены парадак? Парадак ва ўсім, каб мне не адпісвалі, што там некаторыя круцякі ў нас з’явіліся. Гэта ж не дзеці простых людзей. А самі крутыя і іх дзеткі сёння на квадрацыклы, снегаходы і пайшлі па азімым, па палях, на што я звяртаў увагу, а вы мне адпіскі пішаце».

Лукашэнка запатрабаваў пакараць іх і забраць гэтыя транспартныя сродкі. «Вось і ўсё вырашэнне пытання, – сказаў ён. – Я хачу, каб гэта маё ўсе пачулі».

І міліцыя пачула кіраўніка дзяржавы: 13 лютага прэс-служба УУС Менаблвыканкаму заявіла пра затрыманне адразу 4 «круцякоў» на квадрацыклах, якія парушалі ПДР і прыродаахоўнае заканадаўства. Яны будуць прыцягнутыя да адказнасці паводле артыкулу 10.8 КоАП Рэспублікі Беларусь («Знішчэнне або пашкоджанне пасеваў, сабранага ўраджаю сельскагаспадарчых культур або насаджэнняў»). Квадрацыклы адправілі на штрафстаянку. Цікава, што рэйд абласной міліцыі супраць «круцякоў» адбыўся на выходных 10-11 лютага – то бок раней, чым да гэтай тэмы звярнуўся Лукашэнка.

«Рэйдавая праца па папярэджанні парушэнняў з боку кіроўцаў такой тэхнікі на тэрыторыі Менскага раёна і ў іншых раёнах будзе працягнутая. З вадзіцелямі і далей будуць праводзіцца прафілактычная праца, а парушальнікі будуць прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», – заявілі ва УУС.

А 15 лютага аб перамозе над «круцякамі» заявілі і ў Дзяржаўтаінспекцыі Берасцейскай вобласці. Прычым гаворка ізноў ішла пра падзеі, якія адбыліся да заявы Лукашэнкі:

«У ходзе правядзення рэйдавага мерапрыемствы на тэрыторыі Жабінкаўскага раёну (вёска Макеевічы) супрацоўнікамі АДАІ 11 лютага 2018 года а 22:25 гадзін быў заўважаны квадрацыкл, які рухаўся па полі на невялікай хуткасці. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі прынялі рашэнне затрымаць кіроўцу, які аказаўся яшчэ і нецвярозы. Правапарушальнік быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1225 руб.) з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам тэрмінам на 3 гады. Квадрацыклы дастаўлены на ахоўную штрафстаянку. На наступны дзень пасля выплаты штрафу кіроўца забраў транспартны сродак са штрафстаянкі. Таксама супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі правялі з кіроўцам тлумачальную працу пра неабходнасць выканання правілаў дарожнага руху і недапушчальнасці заездаў на сельскагаспадарчыя ўгоддзі, а таксама псавання іншых насаджэнняў».

ЦЛ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары