Міліцыя апублікавала ролік, дзе АМАП дапамагае Лябедзьку. Раней яго не паказвалі па «этычных меркаваннях»


На сайце ГУУС Менгарвыканкама з’явілася публікацыя, у якой распавядаецца, што супрацоўнікі АМАПу ў 2016 годзе дапамаглі лідару Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, калі яму стала дрэнна. Публікацыя выпушчана пад загалоўкам «У падзяку – хлусня».

Міліцыя паведамляе, што ўвечары 6 траўня 2016 года на вуліцы Арлоўскай у Менску патруль выявіў мужчыну ў канвульсіях – магчыма, у эпілептычным прыпадку.

«Менавіта амапаўцы працягнулі руку дапамогі чалавеку, які трапіў у бяду. Дзякуючы іх пісьменным і своечасовым дзеянням атрымалася пазбегнуць цяжкіх наступстваў, а магчыма і выратаваць жыццё. Дарэчы, гэта пацвердзілі лекары хуткай дапамогі, якія прыбылі тады па выкліку. Ці чакалі супрацоўнікі міліцыі слоў падзякі? Не, яны добрасумленна выконвалі свой абавязак.

У ГУУС Менгарвыканкама захоўваюцца відэазапісы розных здарэнняў. Гэта дае магчымасць для наступнага аналізу таго, што здарылася і ўстанаўлення, пры неабходнасці, усіх абставінаў. Маецца запіс і апісанага інцыдэнту. Па этычных меркаваннях яе не збіраліся апублікаваць. Аднак, каб расставіць усе кропкі над «i», цяпер гэты матэрыял аддаецца галоснасці. Высновы можна зрабіць самастойна», – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Нагадаем, у ноч на 10 лютага супрацоўнікі ДАІ затрымалі Анатоля Лябедзьку ў Жабінцы, на яго склалі пратакол за «непадпарадкаванне міліцыі». Палітык правёў за кратамі больш за 2 содняў, цяпер яго чакае суд.

«Тое, што мне інкрымінуюць, што я аказваў нейкае супрацьдзеянне міліцыі – гэта поўная лухта, бо мяне самога выцягнулі фізічна з аўтамабіля. А далей ужо не яны працавалі. Пяць гадзінаў! Пяць гадзінаў рыхтавалі справу на чале з КДБістам», – адзначыў ён.

Лябедзька абвінаваціў спецслужбы ў тым, што яны мэтанакіравана пераследуюць яго па палітычных матывах і затрыманне ў Жабінцы было часткай кампаніі пераследу.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў