Міліцэйскія кошкі-мышкі з дылерамі насваю


Фота 56nv.ru

Гомельскі распаўсюднік насваю распавёў журналістам «Belsat.eu» пра псеўдабарацьбу міліцыянтаў з дылерамі ды пра тое, чаму праваахоўнікам выгадна, каб продаж дурману не спыняўся.

Насвай – «прывітанне» з 2000-х

Яшчэ 15 год таму, калі мы пачыналі прадаваць насвай, яго ўжывалі пераважна спартоўцы каб расслабіцца, каб не паліць цыгарэты, якія збіваюць дыханне.

3 – 4 гады таму продаж насваю павялічыўся ў разы, сталі масава купляць: моладзь і людзі сярэдняга веку, мужчыны.

Мы прадаем пакункі па 20 – 22 грама за 2 – 3 рублі. На цэнтральным рынку ў Гомлі прадае штодня прыкладна 25 – 30 чалавек па 20 – 30 пакункаў. Гэта толькі на гэтым рынку. Прадаюць на ўсіх рынках Гомля. Шмат хто з прадаўцоў – толькі рэалізатары. Агулам ёсць 6 – 7 гаспадароў, што даюць тавар на продаж. Раней мы стаялі чатыры чалавекі на цэнтральным рынку, а цяпер во нас колькі стала.

Насвайнекурыльны тытунёвы выраб, які не з’яўляецца традыцыйным прадуктам для Беларусі, але з кожным годам колькасць людзей, якія ўжываюць насвай у Беларусі павялічваецца.

Асноўныя кампаненты насвая – тытунь і гашаная вапна, можа дадавацца і попел. Медыкі адзначаюць, што сістэматычнае ўжыванне насваю, асабліва падлеткамі, можа прывесці да псіхічных праблемаў: затрымка псіхічнага развіцця, паслабленне ўвагі, памяці і ўспрыняцця навакольнай рэчаіснасці.

«Прадаю і ўжываю»

Раней з насвай прывозілі наўпрост з Узбекістану прывозілі, а цяпер – з Масквы. Я зарабляю на продажы 400 – 600 рублёў штомесяц. Каб была праца, пра якую кажа Лукашэнка за 500 долараў, з задавальненнем бы пайшоў працаваць.

Я не думаю, што гэта наркотык. Там ідзе тытунь, попел, смала. Калі насвай з Таджыкістана – дадаюць вапную ваду, калі з Узбекістана – там дадаецца вапна проста рыдлёўкай, тады насвай можа пячы губу. У Сярэдняй Азіі, можа 80 % насельніцтва ўжываюць насвай і каб ён быў такі шкоды, яны б вымерлі напэўна ўсе. Асабіста я ўжываю 1-2 разы ўдзень.

Міліцыя мае «свае кадры» сярод гандляроў

У Гомлі на цэнтральным рынку, напрыклад, міліцыя мае з пяць сваіх «стукачоў», якія самыя прадаюць насвай. Яны інфармацыю пра іншых прадаўцоў скідваюць па вайберу, дзе хто стаіць, дзе хавае пакункі. «Стукачы» працуюць беспакарана, іх ніколі не забіраюць, на суткі не садзяць. Калі на рынку аблавы, то іх няма. Мы ведаем ужо добра хто працуе на міліцыю.

Аблавы міліцыя ладзіць перыядычна – у гэтую сераду была. А звычайна – па выходных. Затрымліваюць не нашыя – мазырскія, калінкавіцкія, бо сваіх гомельскіх мы ўжо ведаем. Міліцыянты апранаюцца ў цывільнае, робяць кантрольныя закупкі. Месяц таму пры затрыманні збілі моцна 17-гадовага хлапца, ён уцякаў ад іх, дык яны яго дагналі, і спачатку кулаком у твар далі і тры разы нагой, калі той ляжаў ужо. Гэта былі калінкавіцкія. Асабіста я з пачатку года два разы сядзеў на сутках за гандаль. Больш двух пакункаў пры сабе звычайна не трымаю, пакуль арыштаваны дайду да РАУСа – выкіну, што маю. Такім чынам, часта пазбягаў пакарання.

«Мяккая» забарона

За захоўванне невялікай колькасці насваю могуць даць папярэджанне або штраф. А як знойдуць больш за 50 грамаў – штраф ці арышт да 15 содняў.

Я сам прапаноўваў начальніку РАУСа Цэнтральнага раёну каб увялі крымінальную адказнасць за распаўсюд насвая, каб садзілі на паўгода, дык ніхто бы не прадаваў. І я бы не прадаваў, а так адміністрацыйная адказнасць прадаўцоў не палохае.

Не будзе насваю – міліцыянты зоймуцца сваёй справай, будуць змагацца з наркаманіяй. Уявіце сабе, наркааддзел займаецца гэтым тытунём. Сёння, напрыклад, нас затрымлівалі дзевяць міліцыянтаў.

А ведаеце што мне адказаў малады лейтэнант, на маю прапанову ўвесці крымінальную адказнасць? Кажа, што ім забарона не выгадна, бо насвай дае добрыя паказнікі па раскрыццю. Яны, маўляў, у летась па рэспубліцы першае месца занялі па пратаколам па насваю. За гэта, адпаведна, прэміі атрымалі.

І, наогул, могуць тыдзень сядзець у кабінеце, потым прыйсці на рынак, любога з нас схапіць, і павесіць распаўсюд. Мяне так два разы садзілі за чужы насвай, і на судзе суддзя верыць міліцыі.

Гутарыла Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары