Міліцыя тэрарызуе незалежнага журналіста Алеся Леўчука


Дадому да берасцейскага журналіста Алеся Леўчука зноў прыйшла міліцыя. Гэтым разам яны хацелі перапісаць няправільна складзены іншымі міліцыянтамі адміністратыўны пратакол супраць фрылансера.

«Толькі ноччу мы з сям’ёй прыехалі з адпачынку, яшчэ не паспелі рэчы распакаваць, як у дзверы пагрукала міліцыя, – распавёў Belsat.eu Алесь Ляўчук. – Пра тае, што я вярнуўся ў Беларусь, міліцыянту паведамілі ў памежным камітэце. Я лічу, што ўлады спецыяльна тэрарызуюць мяне і маю сям’ю, не даюць мне спакойна жыць і працаваць у роднай краіне, бо я паказваю людзям праўду, а праўда – гэта самае небяспечнае для гэтых уладаў».

На размову з міліцыяй Алесь Ляўчук паехаў у Маскоўскі РАУС, у якім працаваў міліцыянт, цела якога знайшлі пазаўчора з агнястрэльным раненнем. З журналістам размаўляў старшы інспектар Камянецкага РАУС Аляксандр Алпатаў, які склаў на Леўчука новы пратакол за матэрыял пра рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі, які выйшаў на нашым канале «Белсат» 4 чэрвеня. Стары пратакол, па словах Алпатава, быў складзены няправільна.

«Я зноў напісаў, што не згодны з пратаколам, бо КДБ, міліцыя і суд парушаюць Канстытуцыю і закон аб СМІ, а таксама мае правы, – заявіў Алесь Ляўчук. – Спытаў у міліцыянта, ці разумее ён, што парушае закон, што за гэта прыйдзецца рана ці позна адказваць. Але здаецца, што яны адчуваюць поўную беспакаранасць. Адзінае, чаго баяцца, каб не было ўвагі да іх з боку медыяў, прасіў нічога не пісаць пра нашую размову. А таксама сказаў, што мае візу на пяць гадоў, і не баіцца, што яму забароняць уезд у краіны Еўразвязу».

Раней Алеся Леўчука ўжо пераследавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся ў снежні 2014-га года. Тады паседжанне адбылося са шматлікімі парушэннямі. Суддзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на Br 6 млн.

У сакавіку 2015-га суддзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Леўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на Br 4 млн.

А 2-га ліпеня суд Ленінскага раёну Берасця прызнаў незалежнаму журналісту Алесю Леўчуку максімальнае пакаранне за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» (частка 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў) – Br 9 млн.

Цягам 2015-га года незалежных журналістаў у Беларусі аштрафавалі за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» на суму Br 133,28 млн.

ЯЛ, belsat.eu

Стужка навінаў