Мікола Статкевіч: Спадзяюся, мае «калегі з апазіцыі» аб’яднаюцца


Палітвязень, якія застаецца за кратамі шклоўскай калоніі, даслаў ліст бялыніцкаму журналісту Барысу Вырвічу, у якім распавядае, што яго абмяжоўваюць у доступе да інфармацыі з волі.

«… бо тут крыху заблыталі з падпіскай. У выніку з сярэдзіны студзеня і ў лютым апынуўся без газет, за выключэннем «Новага часу». Ды і той прыносяць не ўсе нумары і са спазненнем ледзь не на тыдзень. Яшчэ з крыніцаў інфармацыі ў атрадзе ёсць адзіны тэлевізар, які дазваляецца глядзець раніцай і ўвечары. Праўда, занадта часта забіраць у маіх калег магчымасць паглядзець DVD-серыялы ці музыку …, каб паслухаць навіны, сумлення не хапае. Бо радасцяў у іх і так небагата. Але ж за асноўнымі падзеямі сачу».

Таксама Мікола Статкевіч выказаў спадзяванне на тое, што яго «калегі па апазіцыі» аб’яднаюцца хоць нейкім чынам вакол ідэі аб яго вылучэнні ў якасці адзінага кандыдата.

«… спадзяюся, што ініцыятыўная група будзе адна, і калегі па апазіцыі аб’яднаюцца хоць такім чынам. Дзеля гэтага я і даў згоду на гэты план, бо проста «піяр» мне нецікавы. Ды і сітуацыю маю гэта не палепшыць, калі не наадварот. Але дзеля аб’яднання я патрываю. Тым болей, што сілаў у мяне вытрываць усё хопіць. Нягледзячы на пашпартны ўзрост».

Мікола Статкевіч быў узяты пад варту пасля Плошчы ў Менску 19 снежня 2010 года. Асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

ДР, belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў