Мікола Статкевіч: першыя дні свабоды


Пад гэткі акампанемент некалькі соцень чалавек у начны Менск прыехаў у суботу вызвалены нязломны палітвязень, экс-кандыдат на прэзідэнта Мікола Статкевіч. Праз шчаслівы тлум, да Статкевіча прабілася тая, хто цягам амаль пяці гадоў зняволення ці не найбольш чакала гэтага дня.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА

«Нам не давалі проста пабыць разам і нават дакрануцца адзін да другога гэтыя гады. Мы маглі бачыць адзін аднаго адзін, ці два разы на год дзве гадзіны».

Памілаваны Аляксандрам Лукашэнка, які, як паведаміла ягоная прэс-служба «сыходзіў з прынцыпу гуманізму», заявіў што не мае ілюзіяў датычна абуджэння гуманізму кіраўніка краіны і мяркуе, што пад выбары проста скончыліся грошы. Што ж да бліжэйшых планаў…

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:

«Я і далей буду працягваць тое, што рабіў – працаваць для вольнай, нармальнай беларускай Беларусі. Але першыя некалькі дзён, я проста хацеў бы пабачыць сваіх родных, ды пабыць крыху з імі. Тыдзень лета застаўся. Я адвык ад неба над галавою, хачу ўсё гэта пабачыць. Але разам з тым, буду сустракацца з кіраўнікамі апазіцыйных партыяў – будзем вызначацца, што рабіць».

З кіраўнікоў палітычных партыяў, кандыдатаў, ды нават кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, час сустрэць палітвязня знайшоў толькі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Пакуль жа Статкевіча насілі на руках, на волю вярталіся таксама вызваленыя ў суботу анархісты Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч.

ЯЎГЕН ВАСЬКОВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

«Яны казалі да апошняга, што я – на этап. То бок яно было зразумела, што гэта не этап ніякі, бо папярэджваецца заўжды загадзя. Але я віду не падаваў – хай думаюць, што ў іх жарт атрымаўся».

Ніхто з палітзняволеных не чакаў суботняй праявы гуманізму з боку кіраўніка краіны. Яшчэ адзін асуджаны па гэтак званай «справе анархістаў» Мікалай Дзядок распавёў пра зусім іншыя праявы пачуццяў там, за кратамі.

МІКАЛАЙ ДЗЯДОК, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

«Збівалі, скажам так па загаду адміністрацыі проста ў тыя моманты, калі трэба было мацней надавіць. Збівалі рукамі асуджаных – не сваймі рукамі. Тут я вам скажу, што нічога надзвычайнага няма – гэта звычайная практыка ў нашай пенітэнцыярнай сістэме».

Усе былыя палітвязні, з якімі размаўлялі нашыя журналісты выйшлі на волю незломленымі і з тымі ж перакананнямі. Пра прычыны раптоўнага вызвалення кажуць тое ж, што і асуджаны летась у кастрычніку нібыта за абразу суддзі Юрый Рубцоў.

ЮРЫЙ РУБЦОЎ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

«Ён проста адпусціў закладнікаў. Зноў спрабуе правесці тую ж аперацыю, якую рабіў раней. І ўсё застаецца зноў – будзе вельмі вялікая памылка, калі хоць адна апазіцыйная сіла – партыя, ці палітык – прыме ўдзел у спектаклі выбараў».

Пакуль жа ўжо былыя палітвязні цешацца першымі днямі свабоды. Нагляд пакінулі толькі над Міколай Статкевічам. Палітыка абавязваюць цягам васьмі гадоў з’яўляцца ў міліцыю па выкліку і не пакідаць месца жыхарства даўжэй, чымся на месяц.

УШ, Белсат

Стужка навінаў