Мікола Статкевіч: «Палітычныя забойствы могуць паўтарыцца»


Старшыня «Народнай Грамады» ладзіць сёння чарговую акцыю, на якой закліча ўшанаваць памяць пра зніклых палітыкаў.

У сваім фэйсбуку Мікола Статкевіч анансаваў акцыю на 24 лістапада а 18-ай каля ГУМу ў Менску.

«Акцыя, прысвечаная гадавіне «рэферэндуму» 1996 г., пасля якога ў Беларусі была ўсталяваная дыктатура», – піша кандыдат на пасаду прэзідэнта на пазамінулых выбарах.

«Акцыя будзе прысвечаная памяці былых мiнiстраў унутраных справаў Юрыя Захаранкі i старшыні Цэнтральнай выбарчай камiсii Віктара Ганчара, якія з-за супраціву дыктатуры былі пазбаўленыя пасадаў, а потым выкрадзены i забітыя па загаду дыктатара.

Мы пройдзем разам да месцаў, дзе працавалі забітыя – будынкаў МУС i ЦВК, каб запаліць там знічы памяці пра iх».

Статкевіч просіць прыносіць на акцыю знічы і прапаноўвае прыйсці з партрэтам зніклых палітыкаў.

«Калі мы перастанем нагадваць грамадству пра палітычныя забойствы, яны могуць паўтарыцца», – упэўнены Мікола Статкевіч.

«Калі забудзем, як у нас забралі свабоду, у нас яе будуць забіраць зноў i зноў», – кажа ён.

На момант публікацыі пастом Статкевіча падзяліліся 35 чалавек, ён сабраў 163 «лайкі».

ДД, «Белсат»

Стужка навінаў