Мікола Статкевіч: Нашае грамадства амаль цалкам пазбаўлена гістарычнай памяці


8 верасня гадавіна перамогі нашых продкаў над маскоўскім войскам пад Воршай. У гэты ж дзень у 1992 годзе войска новай незалежнай Беларусі пад бел-чырвона-белым сцягам прысягнула на вернасць народу. Гэтую падзею абмяркоўваем з яе ўдзельнікам падпалкоўнікам запасу Міколам Статкевічам.

Ці добра памятаеце тую прысягу, чым яна была адметная для вас?

Безумоўна гэта была атмасфера свята і ўрачыстасці. І сцэна была аздоблена адпаведным чынам. І музыкі, і хор «Унія». Тысячы вайскоўцаў запасу, многія прыйшлі ў форме. І лідары асноўных палітычных партый – Зянон Пазняк, Міхась Ткачоў. Усё гэта было святам Беларусі, незалежнасці. Тым больш гэта адбывалася на тле такой падзеі, пра якую Беларусь не ведала, а мы пра яе нагадалі. На жаль, войска тады не стала беларускім. Гэта была частка савецкага войска і вельмі доўга адаптавалася ў беларускую, але тая прысяга прымусіла прывесці фармальна, юрыдычна да прысягі ўсіх афіцэраў.

Ці памятаеце тую атмасферу, у якой паўстала беларуская армія? Можна казаць, што яна была беларускай ці яна была савецкай?

Салдаты, якія прыходзілі на службу, прымалі прысягу. А афіцэры не. Яны казалі, што прысягнулі Савецкаму саюзу, а Беларусь уваходзіла ў склад. Тады пытанне, што, калі адна частка нападзе на другую? Адказу не было. Вырашылі правесці грамадскую акцыю прыёму прысягі. Трэба, каб яе прымалі кадравыя вайскоўцы. Кіраўніцтва БЗВ пайшло на гэта, ведаючы, чым нам гэта пагражае. І мы вырашылі зрабіць гэта 8 верасня. Нашае грамадства амаль цалкам пазбаўлена гістарычнай памяці.

Калі павінен адзначацца дзень Беларускага войска – 8 верасня ці 23 лютага?

Найбольш мне падаецца падыходзіць дзень Беларускага збройнага чыну. Калі ў 1920-ым годзе ў лістападзе простыя сяляне сфармавалі страявыя кадравыя вайсковыя часткі і пайшлі бараніць сваю радзіму. Гэта сапраўды дзень абаронца Айчыны.

Ці цяперашняе беларускае войска ў выпадку агрэсіі Расеі стане на беларускі бок і будзе бараніць незалежнасць?

Гэта войска можна называцца беларускім у выпадку агрэсіі з любога боку, акрамя расейскага. Супраць НАТО, Украіны ваяваць будуць. Але гэта войска выхавана ў такім антынацыянальным духу. У Беларусі антынацыянальны рэжым. Я б назваў Лукашэнку ворагам нашай нацыі. Ён рабіў усё магчымае, каб наша нацыя не ўмацавалася. У тым ліку і войска. Там пераследавалі патрыётаў Беларусі, туды ішлі тыя, хто падтрымліваў палітыку Лукашэнкі на інтэграцыю з Расеяй. Калі яны пабачылі, што інтэграцыі не дачакацца, цяпер для іх кумір не Лукашэнка, а Пуцін.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў