Мікола Статкевіч: Калі не будзем падрыхтаваныя, прыйдзе Лукашэнка-2

video

Адзіны механізм, які мае цяпер грамадства, каб уздзеяць на ўладу – гэта вулічная актыўнасць, падкрэсліў экс-кандыдат на прэзідэнцтва і былы палітвязень Мікола Статкевіч.

У размове з Паўлам Мажэйкам палітык заўважыў, што беларускай апазіцыі варта выходзіць да людзей падчас выбарчай кампаніі ў парламент у 2016 годзе. «Але як потым выглядаць у вачах людзей, калі паўдзельнічалі, вам намалявалі смешныя лічбы, – і што?» – адзначыў Мікола Статкевіч.

Найважнейшае для беларускіх апазіцыянераў – гэта захаваць павагу, лічыць былы палітычны зняволены.

«Мы рыхтуемся да выбараў у любым выпадку. Нам патрэбная платформа, якая б істотна адрознівала нас ад улады, якая б істотна паказвала на тое, да чаго мы імкнемся – гэта еўрапейская платформа. Мы патрабуем ад уладаў зменаў у выбарчы кодэкс. Калі ўлады ідуць на гэта, мы ідзем на выбары, на якіх будзем змагацца за электаральную перамогу. Калі ўлады не ідуць на гэта, то мы ідзем на выбары, змагаемся за перамогу і рыхтуемся да Плошчы», – падкрэсліў экс-кандыдат на прэзідэнцтва.

На ягоную думку, Плошча ў той сітуацыі будзе адзіным сродкам для апазіцыі, каб захаваць годнасць ды паказаць грамадству, што нехта ў краіне змагаецца.

Паводле Міколы Статкевіча, калі грамадства бачыць бяздзеянне, то не будзе чакаць, калі яго паклічуць.

«Калі кожны ў нас будзе сябе берагчы, то будзе кісель, а не грамадства. Што я раблю цяпер? Я рыхтую актыў для акцыяў, бо тыя 150–200 чалавек, якія цяпер прыходзяць [на акцыі], – гэта мужныя і годныя асобы», – адзначыў палітык.

Першае, што трэба зрабіць у Беларусі, – гэта вярнуць вулічную актыўнасць, якая ёсць адзіным механізмам, каб неяк уплываць на ўлады.

«Калі мы не будзем падрыхтаваныя да гэтага, то замест Лукашэнкі будзе Лукашэнка-2, але сённяшні – прынамсі брахлівая марыянетка, а можа быць лагодная марыянетка. Мы згубім усё, калі не здолеем гэтаму супрацьстаяць», – падкрэсліў былы палітзняволены.

Першая частка з цыклу «Справы Статкевіча»:

Другая частка з цыклу «Справы Статкевіча»:

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары