Мікола Плавінскі: На руках насельніцтва 200 тысяч металашукальнікаў


Малады археолаг Мікола Плавінскі распавёў Belsat.eu пра сваю новую кнігу, будучыню айчыннай археалогіі ды хуткую забарону «чорных капальнікаў».

Кніга Міколы Плавінскага «Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі» – гэта дзясятак рамантычных эсэ, прысвечаных археалогіі. За прыгожай вокладкай ды каляровымі ілюстрацыямі хаваюцца сапраўдныя праблемы сучаснай беларускай археалогіі: кадравы крызіс, адсутнасць фінансавання, канкурэнцыя з «чорнымі капальнікамі»…

Пра сваю кнігу і пра тое, як археалогія адказвае на выклікі сённяшняга дня, Belsat.eu распавядае Мікола Плавінскі.

– Вашая кніга, дзе фігуруе нават «найвядомейшы археолаг» Індыяна Джонс, мае адбітак сентыментальнасці. Чаго ўсё ж такі больш у археалогіі: навуковага разліку ці рамантыкі?

– Калі казаць пра археалогію як навуку, то гэта дакладная і нават нудная рэч. Бо гэта не толькі раскопкі, але і апісанні, і апрацоўка матэрыялаў… Вынік, то бок сурёзныя кніжкі па археалогіі, зазвычай ніхто не чытае: яны адрасаваныя вузкаму колу спецыялістаў. Навуковая кніжка па археалогіі па сутнасці мала адрозніваецца ад навуковай кніжкі па фізіцы… А я сваю кнігу ад пачатку пісаў для шырокага кола чытачоў.

Напісаць навукова-папулярную кніжку складаней за акадэмічную

– Раней былі і Чарняўскі, і Штыхаў, якія маглі напісаць пра археалогію ў папулярнай форме. Наколькі гэтага не хапае цяпер?

– Я шчыра цешуся, што ў нас паступова запаўняецца вакантны дагэтуль сегмент вайскова-гістарычнай літаратуры. Гэта і серыя «Беларусь у войнах», да якой я таксама спрычыніўся, і выданні Янушкевіча.

Але агулам навукова-папулярнай літаратуры па гісторыі крытычна не хапае. Як у нас часта робяцца навукова-папулярныя кніжкі? Бяруцца акадэмічныя выданні, адтуль выкідаюцца спасылкі ды навуковы апарат, пішацца прадмова і кніжка ўжо нібыта навукова-папулярная. Але навукова-папулярная літаратура адразу пішацца для людзей, а не для прафесіяналаў, гэта адмысловы жанр! І напісаць яе, часам, цяжэй, чым навуковы тэкст.

– Большасць адкрыццяў, якія Вы апісваеце, адносяцца да савецкага часу. Гэта сведчыць пра заняпад археалогіі цяпер?

– Фінансаванне! Археолагі працуюць збольшага падчас «ратавальных раскопак» калі вядзецца нейкае будаўніцтва. Гэта неабходна як частка аховы помнікаў, плюс за гэта плоцяць нейкія грошы – самі замоўнікі.

Ну, а датычна навуковых даследаванняў… Калі параўнаць іх колькасць на мяжы 80-90-ых і цяпер, то атрымаецца, што аб’ём зменшыўся ў разы чатыры. Таму, сапраўды, варта прызнаць, што крыніцазнаўчая база нашай археалогіі назапашаная менавіта ў паваенны час.

Археалогія: не надта грашовая і не надта прэстыжная

– Легенды археалогіі, кшталту Ткачова, Загарульскага, Чарняўскага, сыходзяць, а хто стае ім на змену? Назавіце, можа, кагосьці з «узыходзячых зорак»?

– Правакацыйнае пытанне, бо калі аднаго назаву – іншыя пакрыўдзяцца. А калі сурёзна, то ідзе звычайная змена пакаленняў. Але аб’ектыўна археолагаў усё менш. Як і любая гуманітарная дысцыпліна, археалогія – гэта і не надта грашовая справа, і не надта прэстыжная. Рамантыка таксама адыходзіць. Я працую з валанцёрамі і магу адзначыць, што іх таксама ўсё меней.

Я ўзгадваю, калі сам быў студэнтам, калі не было ані фінансавання, ані ўмоваў, але былі людзі.Цяпер жа ёсць прынамсі харчаванне, а часам і для пастою курортныя ўмовы – няма ахвотных.

– Якія галоўныя праблемы сучаснай беларускай археалогіі?

– Зноў жа – фінансаванне, як і ў любой даследніцкай дзейнасці. Археолагі жывуць сезонна: у цёплы сезон капаем, у халодны – пішам і апрацоўваем. Вось калі пішаш чарговую справаздачу ўзімку, кожны раз думаеш: усё, больш ніякіх дазволаў на раскопкі браць не буду, надакучыла. Але ўсё паўтараецца як у «дні сурка», нягледзячы на ўсе праблемы.

Мала студэнтаў-археолагаў, але з іншага боку: якія ў іх перспектывы працаўладкавання? Наколькі я ведаю лёсы прадстаўнікоў нават гарадзенскай кафедры, усе яны ў выніку трапляюць у музей…

Для некаторых раскопкі «па-чорнаму» сталі бізнесам

– У новым «Кодэксе па культуры» ёсць месцы датычныя т.зв. «чорных археолагаў. Напрыклад, адносна адказнасці не толькі за самавольныя раскопкі, але і за захоўванне артэфактаў. А артэфакт, згодна кодэксу, гэта «любая рэч знойдзеная ў зямлі»…

– Тут варта больш звярнуць увагу на будучы ўказ прэзідэнта пра абавязковыя ліцэнзіі на металадэтэктары і штрафы за іх нелегальнае выкарыстоўванне. Гэта неабходны дакумент, які ёсць ва ўсіх суседніх краінах. Я неяк называў лічбу ў 200 тысяч адносна колькасці металашукальнікаў на руках насельніцтва…

– Але як можна падлічыць? Гэта ж шалёная лічба.

– Так, шалёная! Але яна выходзіць з колькасці ўдзельнікаў сайтаў і форумаў «чорных капальнікаў», якіх у нас развялося невядома колькі. У любым выпадку гэта дзясяткі тысяч. Так, нехта купляе каб пабавіцца, танныя мадэлі каштуюць нядорага. Але ёсць катэгорыя, для якой незаконныя раскопкі нават на археалагічных помніках сталі бізнесам. І калі гэтага не спыніць, то ў некаторых рэгіёнах Беларусі помнікаў наўпрост не застанецца. Тыя ж усходне-літоўскія курганы ў Панёманскім рэгіёне: для іх гэта наўпрост катастрофа…

Іншае пытанне: як будзе працаваць указ? Хто будзе сачыць за яго выкананнем? Калі будзе створаная зацікаўленасць сярод міліцыі і яны будуць выконваць план не толькі па алкаголіках, тады – так, можа быць. Але калі гэта будзе ўскладзена на ледзве жывыя органы Аховы помнікаў – плёну не будзе ніякага.

– Але навошта караць адразу ўсіх? Ёсць жа людзі, якія наўпрост ходзяць па палях і не лезуць у курганы.

– Капальнікі кажуць: «Мы ходзім і шукаем, нічога больш». Але так яны трапляюць на скарбы, якія разыходзяцца па руках. Трапляюць на аб’екты, ад якіх не застаецца ніякіх слядоў. У нас зараз вельмі мала працоўных археолагаў, таму на археалагічныя выведкі наўпрост няма часу. А ў капальнікаў ёсць.

Канешне, ёсць невялічкі адсотак, які ў выпадку цікавых знаходак звяртаецца да навукоўцаў, дае інфармацыю. Але гэта выключэнне з правілаў. У масе сваёй «чорная археалогія» – адмоўная з’ява.

У фінансаванне я веру таксама, як у экспедыцыю на Марс

– Бачыце, Вы самі кажаце, што ў археолагаў няма ані часу, ані мажлівасцяў працаваць у полі. Але дзякуючы ўгнаенням, шмат артэфактаў з металу наўпрост іржавее ды знішчаецца з часам…

– Гэта адна з любімых адгаворак «чорных капальнікаў». Ворны слой – гэта 20-30 см, а тое, што ніжэй, ляжала б сабе ў некранутым стане. Але сучасныя дэтэктары б’юць значна глыбей… Я згодзен, ёсць нюансы, але пытанне ўжо набалелае і ўпарадкаваць абарот і рынак гістарычных артэфактаў ужо даўно прыспеў час.

Спісы помнікаў па кожнай вобласці Беларусі ёсць зараз у вольным доступе. Таму кожны можа ўзяць сабе такую мапу, кінуць дэтэктар у машыну і паехаць зарабляць грошы. Таму ліцэнзіі неабходныя.

– У Беларусі ўсе праблемы часта «вырашаюцца» праз забароны. Можа археолагам замест «карных санкцыяў» паспрабаваць выбіць у дзяржавы грошы на музеі ды экспедыцыі? Нават на закуп тых жа ўнікальных рэчаў у капальнікаў.

Закупка рэчаў у капальнікаў – гэта падтрыманне рынку. Але самі закупкі так ці інакш адбываюцца, калі ідзецца пра сапраўды ўнікальныя прадметы.

Фундаментальная навука патрабуе сурёзных капіталаўкладанняў. А вынікі? Вось прыедуць журналісты на раскопкі, а мы ім пакажам замест золата і дыяментаў каменныя нажы, як гэта зазвычай бывае. Для большасці журналістаў і гледачоў гэта расчараванне… Таму ў дадатковае фінансаванне любой гуманітарнай сферы ў Беларусі я веру прыкладна гэтак жа, як і ў беларускую экспедыцыю на Марс.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары