Мікіта Міхалкоў паскардзіўся на цэнзуру ў Расеі

video

Фота: ТАСС / Сцэна з фільму «Утомлённые солнцем – 2». У кадры – актор і рэжысёр Мікіта Міхалкоў.

Дзяржаўны тэлеканал не пусціў у эфір праграму, прысвечаную свабодзе слова, «расейскаму свету» і Украіне.

Перадача Мікіты Міхалкова трапіла пад нож расейскіх цэнзараў. Забароненае выданне Міхалкоў змясціў на афіцыйным YouTube-канале праграмы. На такую тэматыку рэжысёра натхніў тўіт каментатара «Матч ТВ» Аляксея Андронава пра «Наваросію».

«Атрымаўшы больш за год таму прапанову выпускаць нашу праграму на канале, я быў упэўнены ў тым, што выбар тэмаў заўсёды будзе за намі, за мной як за аўтарам праграмы. Чаму ж канал забараніў нашу перадачу? Вось менавіта гэта я і хацеў бы высветліць разам з вамі, дарагія гледачы. Падумайце разам са мной – а чаму?! Што ў гэтай перадачы такога, што нельга паказваць вам – велізарнаму ліку расейскіх тэлегледачоў, тым, хто прыходзіў да экрана, калі ішла наша перадача. Я вельмі спадзяюся на тое, што мы гэтае пытанне з вамі якім-небудзь чынам абмяркуем. Паглядзіце, калі ласка. Дзякуй!» – звяртаецца да аўдыторыі расейскі кінарэжысёр.

Мікіта Міхалкоў зрабіў 38 выданняў праграмы ў межах праекту «Бесогон ТВ». У забароненай праграме Міхалкоў крытыкуе атмасферу варожасці ў расейскіх медыях. Кінарэжысёр скардзіцца на неабʼектыўнасць і «дазаванасць свабоды медыяў». Акрамя таго, Міхалкоў абвінавачвае ў фальсіфікацыях журналіста Матвея Ганапольскага і апраўдвае Аляксея Андронава, які паводле аўтара праграмы, таксама мае права на меркаванне.

«Я хачу пачуць два бакі канфлікту! Хто прымае рашэнне, што дрэнна і што добра? Хто дазуе? У чыіх гэта руках?» – задае пытанні Мікіта Міхалкоў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары