Мікалая Статкевіча сёння ўвечары павінны выпусціць на волю з ізалятара на Акрэсціна


Мікалай Статкевіч

Мікалая Статкевіча павінны выпусціць сёння а 17.10 з ізалятара на Акрэсціна, як паведаміла жонка апазіцыйнага палітыка Марына Адамовіч.

«Павінны выпусціць а 17.10, прынамсі, яны мяне так заверылі. Праўда, я не вельмі маю давер да іх і сумняюся, што яны яго адтуль сёння выпусцяць, але іншых варыянтаў няма, дзе яго шукаць», – паведаміла belsat.eu Марына Адамовіч.

Мікалая Статкевіча прэвентыўна затрымалі 28 красавіка і прысудзілі 5 содняў адміністрацыйнага арышту. Ён рыхтаваўся да правядзення акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 1 траўня. Пра гэта палітык паведаміў у гарвыканкам, акцыя не была санкцыянаваная.

Увечары 28 красавіка Марына Адамовіч згубіла сувязь з мужам. Ягоны тэлефон не адказваў і ў аддзелах міліцыі ды судах пра яго лёс нічога не паведамлялі. Толькі раніцай 29 красавіка стала вядома, што Мікалая Статкевіча асудзілі на 5 содняў адміністрацыйнага арышту, тым самым пазбавіўшы магчымасці ўдзелу ў акцыі 1 траўня.

Нягледзячы на гэта, пратэст на Кастрычніцкай плошчы 1 траўня ўсё ж адбыўся. У ім узялі ўдзел некалькі сотняў чалавек. Пратэст узначалілі Павел Севярынец, Уладзімір Некляеў, Максім Вінярскі. Марына Адамовіч таксама прысутнічала падчас акцыі.

Пасля акцыі Павел Севярынец і Максім Вінярскі атрымалі па 15 содняў адміністрацыйнага арышту.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары