Мікалая Статкевіча маюць перавесці 12 студзеня з турмы ў калонію


Экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча маюць перавесці 12 студзеня з турмы ў калонію. Пра гэта ён паведаміў журналісту Барысу Вырвічу, які жыве ў Бялынічах (Магілёўская вобласць) і перапісваецца з апазіцыйным палітыкам.

«У калонію мяне сапраўды павінны перавесці. Гэта мае адбыцца 12 студзеня наступнага года, калі скончацца тры гады турэмнага рэжыму, на якія мяне асудзілі. Тут маглі пры адсутнасці спагнанняў вярнуць мяне ў калонію і праз паўтара года, але гэта не для »палітычных«. З калоніі могуць вярнуць зноў сюды, але маёй пазіцыі гэта не зменіць», – цытуе ўрывак з ліста Статкевіча праваабарончы сайт spring96.org.

Зняволены палітык таксама паведаміў, што да яго даходзяць не ўсе лісты з волі. У прыватнасці, па словах Вырвіча, Статкевіч напісаў, што не атрымліваў ад яго лістоў ужо некалькі месяцаў, хоць журналіст кожны месяц адсылае палітвязню ліст або паштоўку з апошнімі навінамі з жыцця дэмакратычных актывістаў Магілёўскай вобласці.

58-гадовы Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які да гэтага часу ў зняволенні. У траўні 2011 года суд Ленінскага раёну Менску прыгаварыў яго да 6 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010-га.

Першапачаткова палітык утрымліваўся ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткія ўмовы адбыцця пакарання, перавёўшы ў магілёўскую турму № 4. Адміністрацыя калоніі палічыла, што Статкевіч «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання мае намер «весці злачынны лад жыцця».

Палітыку неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але Статкевіч катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў