Мікалая Дзядка затрымалі ў Вільні


На акцыі каля расейскай амбасады ў Вільні паліцыянты затрымалі беларускага актывіста за «парушэнне правілаў правядзення пікетаў» і «непадпарадкаванне праваахоўнікам».

Пра тое, што Мікалай Дзядок ужо больш за тры з паловаю гадзіны знаходзіцца ў паліцэйскім пастарунку ў Вільні, «Белсату» распавяла Вікторыя Хоціна, ягоная жонка.

Паводле дзяўчыны, сёння каля амбасады Расеі ў Літве 9 чалавек зладзілі пікет на знак падтрымання Ільдара Дадзіна, першага асуджанага ў Расеі за неаднакротнае парушэнне парадку правядзення мітынгаў, які даслаў з калоніі ліст сваёй жонцы пра тое, што яго катуюць).

Пікетоўшчыкі трымалі плакаты і расцяжкі, і ў пэўны момант прыехала паліцыя, якая пачала перашкаджаць акцыі, спасылаюся на «парушэнне заканадаўства»: занадта блізкае – каля 15 метраў – знаходжанне да плота амбасады. Паводле паліцыянтаў, удзельнікі акцыі павінныя былі трымацца дыстанцыі 50 метраў.

Дзядок заявіў паліцыянтам, што яны такім чынам падтрымліваюць рэжым Пуціна, пасля чаго, паводле словаў Вікторыі, праваахоўнікі сказаў, што «за такія словы яго цяпер дакладна затрымаюць».

Дарыюс Пацэвічус, адзін з літоўцаў, што бралі ўдзел у акцыі, заявіў, што паводле заканадаўства, яны могуць стаяць у 25 метрах – але ад будынку, а не ад плота. Паводле Хоцінай, Пацкевічуса і яшчэ аднаго ўдзельніка, грамадзяніна Азербайджана, таксама затрымалі.

Дзяўчына прызнаецца, што пакуль не ведае, што будзе рабіць, і чакае, што інкрымінуюць яе мужу.

Хто такі Мікалай Дзядок

У траўні 2011-га за ўдзел у акцыях каля расейскай амбасады ў Менску анархіста Мікалая Дзядка асудзілі на 4,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За пяць дзён да сканчэння тэрміну быў асуджаны ў турме паводле артыкулу 411 («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы») на 1 год пазбаўлення волі. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Выйшаў на волю летась у жніўні паводле рашэння Лукашэнкі. Цяпер жыве ў Коўне.

ДД

Стужка навінаў