Мікалай Улаховіч: «Лябедзька ды Севярынец хацелі б мяне падзерці»


Кандыдат у прэзідэнты, казачы генерал і палкоўнік запасу Мікалай Улаховіч падзяліўся з belsat.eu Яўгенам Балінскім сваім меркаваннем адносна Някляева, Статкевіча, Севярынца ды Лябедзькі, а таксама паразважаў пра «данецкую падставу Пуціну», беларускую мову і прадказаў, што будзе пасля 11 кастрычніка.

«Мова, сцяг ды «Пагоня» нічога не вырашаюць»

– Некаторыя кандыдаты-удзельнікі папярэдніх выбараў падвяргаліся пераследу. Ці палохаюць Вас негатыўныя наступствы?

– Я жывы чалавек і таксама баюся. Хоць я і афіцэр, але баюся кожны дзень за тое, што адбываецца ў свеце, у краіне, за сваякоў. Гэта неабавязкова звязана з выбарамі. Псіхозу ў адносінах да таго, што будзе са мною пасля 11 кастрычніка, у мяне няма.

– А што будзе пасля 11 кастрычніка?

– Гэтыя, што сёння крычаць «Ганьба!» і бегаюць са сцягамі, што хочуць вярнуць «Пагоню» – супакояцца, таму што народу напляваць, пад якім сцягам яны будуць жыць, калі яны будуць галоднымі мерзнуць у сваіх дамах. Трэба крызіс перажыць, а пад якім сцягам, пад якою «Пагоняю» сядзець – магчыма, адну мільённую гэта і хвалюе.

Падчас сваіх паездак па краіне я пераканаўся ў тым, што ўсіх хвалюе тое, як будзем жыць, а пад якім сцягам – пытанне мільён дваццаць першае. Гэта не істотна – што гэтыя сімвалы вырашаюць? Сёння ўжо даўно ўсе астылі ў адносінах да Лукашэнкі – ужо ўсё роўна, Лукашэнка там будзе ці нехта іншы. Зразумелі, што ў гэтым свеце няма незалежных дзяржаваў.

– Ці ўсе змірыліся?

– А чаму людзям не змірыцца? Усе глядзяць на эканамічны стан краіны – ледзь толькі ён пагоршыцца, адразу будзе зусім іншая сітуацыя. Калі дабрабыт народа пачне змяняцца, то любы палітычны лозунг можа зрабіць сацыяльны выбух.

«Дабрабыт беларусаў не змяніўся»

– Але ж дабрабыт ужо змяняецца…

– Ён не змяніўся пакуль. Ён запаволіўся – спыніўся на адной адзнацы. Трэба атрымліваць заробленыя грошы, а некаторым пераплачвалі. Тыя, што свой заробак недаатрымалі, усхваляваліся гэтым. Ідзе проста тармажэнне працэсу. І гэта не адпаведны момант, калі можна казаць пра нейкія сацыяльныя выбухі.

– Мікалай Статкевіч назваў Вас, Караткевіч і Гайдукевіча «несапраўднаю, фэйкаваю апазіцыяй»…

– Я ні разу нічога не казаў пра Станкевіча. Толькі аднойчы выказаўся, калі мяне спыталі пра вызваленне палітвязняў. Я тады сказаў, што да вызвалення стаўлюся станоўча – за палітыку і за погляды не трэба сядзець.

– То бок, на Вашую думку Статкевіч сядзеў акурат «за палітыку і погляды»?

– Я не расследаваў ягоную справу, і нават артыкула не бачыў, па якім ён сядзеў. Галоўнае, што я быў задаволены, калі яго выпусцілі, а за што ён там сядзеў, якім чынам вызначыўся – ці то ў хуліганстве, ці то ў палітыцы – гэта праблема пракурора ды следчага. Ён жа не забойца, не эканамічны хуліган, які скраў дзяржаўныя мільярды. Раней за «хуліганку» – наагул 15 содняў.

Увогуле, Статкевіч і ўсе гэтыя людзі – не апазіцыя, а нацыянальныя патрыёты.

«Апазіцыі ў краіне няма: адзін вершы піша, другому – толькі мову, «Пагоню» ды сцяг падавайце»

– А хто апазіцыя ў краіне тады?

– У нас няма апазіцыі ў краіне ніякай. А ў гэтых няма ніякага канструктыўнага кандыдата, які б мог ўзначаліць краіну. Калі б яны паказалі такога, я б сам першы за яго галасаваў. У іх адзін піша вершы, другі – Статкевіч – выкладаў у ваенным вучылішчы. Я як афіцэр ведаю, што гэта такое, каб трапіць у ваеннае вучылішча, трэба было мець сувязі і блат.

А я не быў «паркетным» палкоўнікам – у мяне 12 пераездаў, пачынаючы ад Благавешчанску, і ўсё ў гразі ды ў працы. А тут, вядома, у Менску, у ваенным вучылішчы па паркеце ходзіш, можна і падумаць, і па-філасофску падумаць…

– А што Вы наагул думаеце пра Статкевіча?

– Ён для мяне ніяк не цікавы ў плане таго, што ён нешта можа зрабіць у нашай краіне. Вытворчасцю ён не займаўся, народнай гаспадаркі не ведае, паводле спецыяльнасці – вайсковы інжынер, які не разбіраецца ў эканоміцы. Адзінае, што яго хвалюе – мова. Давай, маўляў, мову, «Пагоню», сцяг, і «дрэнны Лукашэнка». Вось і ўсё лозунгі.

– Вы сказалі, што «трэба ўсіх ставіць на месца».

– І правільна я сказаў. Трэба і гэтых нацпатрыётаў ставіць на месца, каб яны ўнеслі нешта канструктыўнае. А то яны вунь вылучылі Караткевіч, а цяпер брудам паліваюць – смешна. Яшчэ на месца трэба ставіць чыноўнікаў на месцах, якія, нічога не разумеючы, шчыруюць у адзін бок і нават не задумваюцца, што і каму трэба. І кожны адзін аднаму хоча паказаць, які ён актывіст і памочнік прэзідэнта.

«Правакацыі ды гадасці – у парадку рэчаў для Лябедзькі ды Севярынца»

– Як паставіць на месца «нацпатрыётаў»?

– Я з імі раз сустрэўся – з Севярынцам і Лябедзькам – дык чым яны скончылі нашую гутарку? Адзін крычыць: «Давайце ўсіх беларусаў у АТА пагонім за Украіну ваяваць за свабоду!». І за чыю свабоду? Тое, што ўкраінец б’е рускага – ці гэта трэба беларусам? Адкуль вось у яго такія думкі?

Селі мы за круглы стол, пагаварылі вочы ў вочы, так яны мне потым кажуць: «Давай выйдзем, пагаворым». Дык яны што, біцца са мной хочуць? Гэта ўжо людзі з клінікай, яны могуць і пабіцца. А з нармальнымі людзьмі трэба мець зносіны і выказваць адзін аднаму свае пазіцыі.

– А хто ў гэтым коле «нармалёвы»?

– Я ўсіх не ведаю, навошта мне іх ведаць? Ды і Севярынец з Лябедзькам мяне не запрашалі, нас прадстаўнікі АБСЕ збіралі. А гэтыя двое, напэўна, думалі ў душы, як бы там на плошчы пабіцца, падзерці Улаховіча, а потым сказаць, што казак сам першы кінуўся.

Правакацыю якую зрабіць, можа, гадасць – у іх гэта ў парадку рэчаў, я думаю, мяркуючы па тым, як яны скокнулі там на мяне, маўляў, давай выйдзем. Мне 64 гады, я што хлопчык, ці што?

– Вашая цытата: «Крызіс скончыцца праз два гады». Якім чынам?

– Разам з Расеяй. Беларусь ніяк не можа інакш – узаемазвязаныя эканоміка, ваеннае партнёрства. І большасць людзей будзе на баку ідэі збліжэння з Расеяй – гэта ўжо звязана каранямі, гістарычна. Але і Украіну ніхто не адкідае – пройдзе час, і яна ачуняе.

– А што значыць «ачуняе» на Вашую думку? Змяніць уладу?

– Зменіцца палітычны лад, ён можа і ў Беларусі, і ў Расеі змяніцца. Я таму і пайшоў у прэзідэнты, каб раптам не выйшла так, што я прачнуўся аднойчы, а спадар Севярынец – прэзідэнт краіны, і ўжо рэжуць прыхільнікаў Лукашэнкі. Як у Данецку і атрымалася. А мне гэта не трэба. Я дам ім стадыён, каб, гуляючы ў футбол, разабраліся.

«Пуціна падставілі, а беларускую мову ніхто не чапае»

– А як атрымалася ў Данецку?

– Вы думаеце, я падтрымліваю палітыку Расеі? Я лічу, яе там падставілі. Там людзі стаміліся і сказалі, маўляў, і вы – апалчэнцы, і вы – украінцы-АТАшнікі – адыдзіце ўсе. Так і ў нашай краіне, усе павінны супакоіцца. А данецкая гісторыя – натуральная падстава Пуціна.

Што за падстава?

– Не патрэбныя там былі ўзброеныя канфлікты, пушыліны гэтыя і падставілі, быццам, маўляў, рускіх там гнабяць. У нас таксама можа так пачацца – скажуць заўтра, маўляў, гнабяць кагосьці, і пачнецца.

Хто гэтую беларускую мову чапае? Пачынаюць з гэтай моваю насіцца, і не зразумела, што маецца на ўвазе – у нас ніхто не забараняе ні пісаць, ні размаўляць па-беларуску.

belsat.eu

Стужка навінаў