Мікалай Статкевіч згодны стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі


Такі варыянт запрапанаваў палітык Уладзімір Някляеў. Хоць падобнае кандыдаванне можа насіць у сённяшніх умовах толькі сімвалічны характар.

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча працытавала ягоныя словы для сайта statkevich.org:

«Прачытаў у »Народнай Волі« за 14.10 артыкул Някляева. Магчыма, гэта – не горшы варыянт.

Мая пазіцыя такая:

– дзякую за падтрыманне Някляеву;

– пацвярджаю сваю згоду вылучацца ў якасці адзінага;

– план Някляева з «запасным» кандыдатам цікавы і заслугоўвае ўважлівага вывучэння».

Газета «Народная Воля» апублікавала артыкул экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева, у якім палітык прапаноўвае высунуць Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. «Асноўнае пярэчанне гэтаму: ЦВК не зарэгіструе такога кандыдата. Хутчэй за ўсё – так. Але ЦВК не зможа перашкодзіць правядзенню палітычнай кампаніі за рэгістрацыю Статкевіча», – піша лідар кампаніі «Гавары праўду». Ён прапаноўвае таксама абраць «кандыдата-дублёра», які ў выпадку нерэгістрацыі Статкевіча зладзіць кампанію актыўнага байкоту прэзідэнцкіх выбараў.

Цяпер Мікалай Статкевіч застаецца ў магілёўскай турме. Не выключаюць, што праз пастанову ўзяць удзел у прэзідэнцкай кампаніі ціск на палітвязня ўзмацніцца.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў