Мікалай Статкевіч заклікаў да новай акцыі – пад сценамі КДБ


Былы палітвязень і экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч запрасіў беларусаў стаць ланцугом каля будынку КДБ у Менску са свечкамі ў руках, каб узгадаць ахвяр сталінізму.

Пра гэта былы палітзняволены напісаў у сваім «Фэйсбуку».

«29 кастрычніка – чорная дата беларускай гісторыі, – звярнуў увагу Мікола Статкевіч. – У гэты дзень 1937 года НКВД расстраляла болей за 100 дзеячаў нашай культуры, пераважна пісьменнікаў. Сталінскія каты ведалі, што рабілі. Менавіта «людзі слова» ствараюць духоўны падмурак нацыі, без якога яна ператвараецца ў статак. Мы вінаватыя перад нашымі пакутнікамі, бо каты, якія знішчылі іх і сотні тысячаў іншых беларусаў, дагэтуль не асуджаныя і лічацца героямі. Таму сучасныя нашчадкі катаў смела ідуць іх шляхам. Ізноў яны ў сваіх турмах катуюць патрыётаў Беларусі. Калі грамадства забываецца пра свае трагедыі, яны могуць паўтарацца».

Былы палітвязень заклікаў прыйсці 29-га кастрычніка а 18:30 да сценаў будынкаў КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў на праспекце Незалежнасці ў Менску, каб са свечкамі ў руках стварыць ланцуг памяці ахвяраў сталінізму і нагадаць пра адказнасць за злачынствы.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары