Мікалай Статкевіч ужо ў магілёўскай турме


Палітвязня Мікалая Статкевіча этапавалі ў турму № 4, што ў Магілёве. Там ён мае адбываць рэшту свайго пакарання – 1 год і 7 месяцаў.

«Сёння я датэлефанавалася ў калонію, дзе мне пацвердзілі, што Мікалай Статкевіч этапаваны ў турму №4 у Магілёве. Прайшло крыху больш за 3,5 месяцы з таго часу, як ён пакінуў гэту ўстанову. І зараз ізноў у яе вярнуўся. Пра дату этапу мне гаварыць у калоніі адмовіліся, але, мяркую, гэта адбылося ў той жа дзень, калі адбыўся суд, дакладней, у ноч з 4-га на 5-е траўня. Бо, наколькі мне вядома, у іх этапы па панядзелках. Ды і спяшаліся ж завершыць суд у адзін дзень нездарма. Відаць, і сабрацца толкам не далі, бо Мікола знаходзіўся ў ПКТ, а рэчы яго – у атрадзе. І тут дэ жа вю. Гэтак жа, у тэрміновым парадку, не даўшы сабрацца, яго этапавалі ў 2012 годзе», – паведаміла Марына Адамовіч, жонка палітвязня.

Мікола Статкевіч – адзіны з кандыдатаў на прэзідэнта на выбарах 2010-га года, які ўсцяж застаецца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён яго асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізаванні масавых беспарадкаў у выбарчы вечар у цэнтры Менску. Айчынныя і міжнародныя праваабаронцы прызналі Міколу Статкевіча палітычным вязнем.

Марына Адамовіч, жонка палітвязня, прысутнічала падчас працэсу ў Шклове. «Безумоўна, ілюзіяў не было ад самага пачатку, ад этапавання ў Шклоўскую калонію. Было зразумела, што ў спакоі яго не пакінуць», – падкрэсліла жонка Мікалая Статкевіча.

Новы адрас, на які можна адпраўляць лісты і тэлеграмы:

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін

Мікалаю Статкевічу

МЛ, belsat.eu

Чытайце таксама:

«Мікола прасіў перадаць, што не здрадзіць сваім перакананням і людзям, якія ў яго паверылі»

Стужка навінаў