Мікалай Статкевіч: Такое ўражанне, што еўрапейскія партнёры хочуць дыскрэдытаваць ідэалы беларускіх дэмсіл


Улады Беларусі прадаюць размовы пра рэформы Захаду, нічога не мяняючы ўнутры краіны, заявіў кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч на кансультацыях прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных арганізацыяў і дэпутатаў літоўскага сейму 11 лістапада ў Вільні.

«Зняцце санкцый, сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам… Гэта тое, супраць чаго выступаем мы, але робяць нашы еўрапейскія партнёры. Нават калі ў вас вялікія эканамічныя інтарэсы ў супрацы з беларускімі ўладамі, не перашкаджайце нам абараняць краіну. Пасля нас могуць прыйсці за вамі», – сказаў Мікола Статкевіч.

Па словах былога палітвязня, у Беларусі «створаны марыянеткавы рэжым, па сутнасці, філіял Расеі, а беларуская эканоміка – стратны філіял расейскай эканомікі». «Калі Расея стала бяднейшай, схема паразітавання на інтэграцыі, якую выкарыстоўвае Лукашэнка, страціла сэнс. Цяпер Расея патрабуе за сваю дапамогу ўсё большага кантролю над суверэнітэтам», – лічыць экс-кандыдат на прэзідэнцтва.

Палітык адзначыў, што ўлады Беларусі на эканамічны крызіс «рэагуюць не рэформамі, а ўсяго толькі размовамі пра іх, прадаюць гэтыя размовы Захаду, нічога не збіраючыся змяняць унутры краіны».

«Лукашэнка прызначыў у парламент двух прадстаўнікоў незалежных арганізацыяў. Гэта ягоная слабасць, на якую ён пайшоў дзеля зняцця санкцый», – сказаў былы палітычны зняволены.

Пры гэтым Статкевіч лічыць, што беларускі рэжым нічога не зрабіў, каб супрацьстаяць расейскай пагрозе. А таму, падкрэсліў ён, абараніць краіну можа толькі грамадзянская супольнасць.

З беларускага боку ў кансультацыях таксама ўдзельнічалі сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў