Мікалай Статкевіч: пяць гадоў турмы, а выглядаю як гурок, бо страху няма і сумленне чыстае


Палітыка вызвалі ў суд праз СМС, але ён пастанавіў не ісці, бо афіцыйнай позвы не атрымаў.

«Мы вярталіся з вясельнага падарожжа і мне прыходзіць СМС, у якой напісана, што мяне вызываюць у суд на 10:00, 22 верасня – разгледзець пратакол, які на мяне быў складзены падчас пікету каля Гуму 10 верасня. Я вельмі здзівіўся, падумаў, што можа нейкія хакеры залезлі ў мой тэлефон і дасылаюць дурныя СМС. Праз гадзіну патэлефанаваў малады мужчына і сказаў тое самае. Я кажу, слухайце, можа вы які пранкер?! Я ж не ведаю, прыйду заўтра, а нікога няма, і ўсе смяюцца з мяне. Я папрасіў павестку. Ён крыху панастойваў, казаў, што і павестку дасылалі. Сказаў, што ператэлефануе, але не патэлефанаваў, таму думаю, што пытанне гэтае знята», – распавёў Мікалай Статкевіч belsat.eu.

Суд Цэнтральнага раёна Менску палічыў інакш і аштрафаваў былога палітвязня на 7 млн 200 тысяч рублёў. Як адзначае БЕЛТА, Статкевіч не з’явіўся на судовае паседжанне без важнай прычыны.

Палітык упэўнены, што такія выклікі ў суд – звычайная спроба запалохаць людзей.

«Гэта спроба напалохаць ні колькі мяне, колькі людзей, якія прыйдуць на сустрэчу выбарцаў. Бо ў нас так бывае: аднаму штраф далі, а некалькі мільёнаў напалохаліся. Я хачу сказаць усім людзям: калі ласка, не бойцеся. Я не баюся, і вы не бойцеся. Прыходзьце і пагаворым, што гэты чалавек нарабіў у краіне за апошнія 21 год».

«Мне падаецца першы пікет крыху зменшыў страх. Будзе другі пікет, улада гэта ўбачыла, і напалохана, што на сустрэчу можа прыйсці некалькі тысяч чалавек, а на наступную дзясяткі тысяч. І яны рэагуюць такім чынам. Не выключаю, што мяне могуць захапіць, павесці ў суд. Добра, хай хапаюць. Хай увесь свет пабачыць, якія ў Беларусі свабодныя выбары. Але не думаю, што гэта адбудзецца. Я не баюся. Пяць гадоў турмы, а выглядаю як агурок, бо страху не маю і сумленне чыстае, ёсць годнасць і паважаю сябе».

Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева выклікалі ў суд за несанкцыяваны пікет «За сумленныя і свабодныя выбары», які адбыўся каля ГУМу 10 верасня. Яго наведалі некалькі соцень чалавек.

У адрозненні ад Мікалая Статкевіча Уладзімір Някляеў вырашыў пайсці ў міліцыю. Але ў РУУС Цэнтральнага раёну не было праваахоўніка, які яго выклікаў, таму палітык вырашыў проста сысці, перадае словы Някляева euroradio.fm.

Збор выбарцаў, які запланаваў Мікола Статкевіч, адбудзецца 23 верасня на Плошчы Свабоды а 18:00. Пытанні да Аляксандра Лукашэнкі, які, пэўна, не прыйдзе на сустрэчу, ён апублікаваў у сваім Facebook’у.

Стужка навінаў