Мікалай Лазавік: Каля 20 кандыдатаў у дэпутаты зняліся з перадвыбарчай гонкі


Першапачаткова рэгістрацыю прайшоў 521 прэтэндэнт на парламенцкае крэсла, але пазней яшчэ чацвярых зарэгістравалі па выніках абскарджання рашэнняў акруговых выбаркамаў.

«Знялі свае кандыдатуры 19 чалавек. Акрамя таго, паводле інфармацыі, якую мы маем на сёння, з выбараў нібыта зняўся яшчэ адзін кандыдат, але дакладных звестак на гэты конт пакуль няма», – сказаў Мікалай Лазавік.

Атрымліваецца, што на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў прэтэндуюць больш за 500 кандыдатаў, аднак, як адзначае ЦВК, гэтая лічба яшчэ можа змяніцца.

17 жніўня акружная Менская гарадская выбарчая камісія не задаволіла скаргу Алеся Лагвінца на нерэгістрацыю яго кандыдатам у дэпутаты па Сухараўскай выбарчай акрузе № 101.

Яго ініцыятыўная група мела два папярэджанні ― за перадвыбарчы пікет з бел-чырвона-белымі сцягамі на кальцавой дарозе ды пікет па збору подпісаў у Сухарава, на якім выступіў Лявон Вольскі. ЦВК палічыў, што палітык «падкупае выбарцаў» – на выступе раздавалі газету «Народная воля» і ўлёткі з партрэтам палітыка, а на этапе збору подпісаў агітаваць нельга.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня, у цяперашні час для кандыдатаў працягваецца агітацыйны перыяд.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў