Сляды пабояў, кровападцёк пад левым вокам. Мікалая Дзядка на хуткай прывезлі ў шпіталь з Акрэсціна. (Адноўлена)


 У шпіталі знайшоўся былы палітвязень Мікалай Дзядок (вядомы па «справе анархістаў»). Ён знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні шпіталя хуткай дапамогі ў Менску з чэрапна-мазгавой траўмай. 

27 сакавіка

Бацька Мікалая паведаміў, што сёння сыну дазволілі перадаць рэчы і паразмаўляць. Лекары кажуць, што цяжкіх пашкоджанняў у Мікалая няма і агульны стан добры, але дыягназ пацвердзіўся : страсенне мазгоў і ўдар мяккіх тканак галавы.

Акрамя таго, у шпіталь да Мікалая Дзядка прыходзіў следчы, які ўзяў у яго тлумачэнні наконт яго збіцця пры затрыманні.

«Я так разумею, што гэта папярэдняе дзеянне з боку ўнутраных органаў, таму што Мікалай мае намер звярнуцца з заявай пра збіццё і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Цяпер у іх падстава, каб прыняць папярэдняе рашэнне, магчыма яшчэ да таго, як Мікалай дашле сваю заяву. Яны змогуць сказаць, што тлумачэнне ўжо ёсць, абставіны нам вядомыя. Я не маю ілюзіяў, што кагосьці прыцягнуць да адказнасці».

26 сакавіка

Аляксандр Мікалаевіч, бацька Мікалая Дзядка, паведаміў belsat.eu, што яго не хацелі пускаць у палату: ягонага сына трымаюць пад канвоем.

«Мікола быў дастаўлены ў шпіталь з ЦІП, у яго пачаўся моцны боль у галаве, таму што яго збілі пры затрыманні», распавядае бацька Мікалая адразу пасля візіта ў шпіталь.

Хуткую выклікала лекар ізалятара. У шпіталі хуткай дапамогі яго агледзелі, зрабілі МРТ і паставілі дыягназ: страсенне мазгоў і ўдар мяккіх тканак галавы.

«Ёсць сляды пабояў, кровападцёк пад левым вокам, выглядае худым, бледным, не вельмі добра. Але нас амаль не пусцілі да яго, мы зашлі і вельмі коратка пагаварылі. У палаце яго ахоўваюць два міліцыянты – маёр і сяржант. Нам жорстка забаранілі хоць што яму перадаць, ні зубную шчотку, ні бялізну, ні ежу. Сказалі, што ўсе перадачы праз ЦІП. То бок, пакуль ён туды не вернецца, нічога перадаць яму нельга.  З боку міліцыянтаў вельмі жорсткае, непрыязнае стаўленне», кажа Аляксандр Мікалаевіч.

Цяпер Мікалай знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам. На яго састаўлена два пратаколы : за дробнае хуліганства і супраціў міліцыі. Суд адбудзецца, калі хлопца адпусцяць са шпіталя, але калі гэта адбудзецца – невядома. Яго бацьку паразмаўляць з лекарамі не давялося: сёння нядзеля і ў іх выходныя, дзяжурны ж быў на аперацыі.

Мікалай быў затрыманы падчас акцыі 25 сакавіка ў Менску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС. Пасля яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, адкуль яго даставілі ў шпіталь.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў