Мікалай Чаргінец пра амерыканскіх генералаў: Пілі з імі гарэлку. Яны ваявалі ў В’етнаме, я – у Афгане, было нешта агульнае


Старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі лічыць беларускую армію адною з самых баяздольных у Еўропе, ганарыцца, што трактары «Беларус» прадаюцца ў 125 краінах ды не згодны з азначэннем «сталінскія рэпрэсіі». У краме сеткі «Белкніга» прайшла творчая сустрэча з Мікалаем Чаргінцом.

Не гледзячы на тое, што спатканне пачалося а 15-й у працоўны дзень, зала кнігарні «КнігаПоліс», што па вуліцы Сурганава, была запоўнена цалкам. Ільвіная доля публікі – вайскоўцы ды моладзь. Што праўда, апошнія на другую гадзіну мерапрыемства пачалі адпрошвацца ў старэйшай жанчыны: «Можна, мы ўжо пойдзем?»

Раней Мікалай Чаргінец часта выступаў у Ваеннай Акадэміі – курсанты нават выканалі некалькі песняў пра Афганістан ды свайго сачынення.

«Як Вы зразумелі, што Вы – пісьменнік?» – спыталася вядоўца, сябра СПБ Алена Стэльмах.

Мікалай Чаргінец

79-гадовы пісьменнік, сенатар, генерал-лейтынант пачаў расказваць біяграфію ды карерны шлях.

Беднае пасляваеннае дзяцінства ў раёне Камароўкі, захапленне футболам, дыплом Вышэйшай школы трэнераў з адзнакай «выдатна», праца на прыборабудаўнічым заводзе імя Леніна, які ў той час працаваў для вайсковых мэтаў ды, паводле Мікалая Чаргінца, рабіў сакрэтную апаратуру. Адтуль ён трапіў у міліцыю ды даслужыўся да начальніка кіравання крымінальнага вышуку МУС БССР. Ад 1984 да 1987 году, «выконваў інтэрнацыянальны абавязак» у Афганістане. Там Мікалай Чаргінец арганізоўваў ахову Кабула. Ён расказаў, што ўдзельнічаў у больш як 200 баявых аперацыях, і падкрэсліў, што ў выніку ў 1987 годзе афганская сталіца абстрэльвалася нашмат радзей.

«Я стараюся пісаць пра тое, што ведаю», – рэзюмаваў доўгі адказ на пытанне пісьменнік.

Мікалай Чаргінец падпісвае кнігу

Тэмы ягоных кніг – барацьба са злачыннасцю, карныя аперацыі гітлераўскай арміі ў Беларусі, ваенная аперацыя ў Афганістане. Ёсць нават раман, натхнёны візітам аўтара ў ЗША ўжо ў якасці палітыка. Як вядома, адна са шматлікіх пасадаў Мікалая Чаргінца – старшыня камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

Як Мікалай Чаргінец з амерыканскімі генераламі гарэлку піў

Ён расказаў, што пад час удзелу ў Генасамблеі ААН на яго «наехалі амерыканцы» ды забаранілі выязджаць далей за Нью-Ёрк. Але тут да яго з Вашынгтону самі прыехалі амерыканскія генералы. Сустрэча адбылася ў беларускай амбасадзе:

«Пілі гарэлку. Яны ваявалі ў В’етнаме, я – у Афгане: было нешта агульнае», – падзяліўся падрабязнасцямі Мікалай Чаргінец.

Тая размова за гарэлкай падштурхнула яго напісаць кнігу «Таямніца авальнага кабінета». У аснову пакладзена скандальная гісторыя Біла Клінтана і Монікі Левінскі. Каб адцягнуць увагу ад непрыемных фактаў ды пазбегнуць імпічменту прэзідэнт ЗША (у рамане Джон Макоўлі) аддае загад бамбіць Югаславію.

Як ствараўся «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Прайшло больш за 10 год, як у Беларусі два пісьменніцкія саюзы, аднак выступоўца не стаў страчваць магчымасці расказаць сваю версію іх стварэння.

«Вярхушка ў «Саюзе беларускіх пісьменнікаў» была ўльтранацыяналістычная, праамерыканская. Яны спецыяльна змянілі назву, што дазволіла не браць у Саюз не беларускіх пісьменнікаў. Кожны З’езд пачынаўся выступамі супраць прэзідэнта, супраць «панскай Расеі». Напрымалі палітыкаў, а не пісьменнікаў. Нас – 159, іх – 170. Рэзалюцыя прынята, выходзіць у газеце ў тым ліку ад нашага імя», – распавёў сенатар.

Нязгодная частка выйшла з «Саюзу беларускіх пісьменнікаў» ды арганізавалася ў «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Мікалай Чаргінец узначальвае яго ад самага пачатку, з 2005 году.

Пасля прамова пісьменніка набыла яшчэ больш выразнае гучанне дзяржаўнага чалавека.

«Сёння ва ўласнасці людзей – 3,5 мільёнаў аўтамабіляў. Мы дрэнна жывем? Хіба непрыемна, што трактарны завод пастаўляе прадукцыю ў 125 краін свету? Слова «Belarus» – у 125 краінах! Мы не збіраемся ні каго нападаць, і нас ніхто не збіраецца. Наша армія адна з самых баяздольных у Еўропе. У нас ёсць падставы спакойна глядзець у будучыню», – падсумаваў Мікалай Чаргінец.

Ён прызнаўся, што атрымаў прапанову з Францыі экранізаваць раман «Аперацыя «Кроў»». Твор вытрымаў тры перавыданні да расказвае пра гета ў Сёмкава, дзе ў дзяцей забіралі кроў. Аўтар не стаў хаваць гонару за тое, што пра гэту гісторыю даведаюцца ў Еўропе.

«Я лічу, што ўсім будзе карысна даведацца, што мы памятаем. Мы не пагражаем, але памятаем, што яны вынішчылі кожнага трэцяга жыхара Беларусі, зруйнавалі прамысловасць», – падкрэсліў ён.

«Ларыса Геніюш не рэабілітавана? Я не ведаў»

Памяць ахвяр ІІ Сусветнай – безумоўна, важна. А што думае пісьменнік, сенатар, генерал-лейтынант пра ўшанаванне тых, хто загінуў ад сталінскіх рэпрэсіяў і ці мог бы СПБ заступіцца за сваю калегу Ларысу Геніюш, не рэабілітаваную па сённяшні дзень? Такое пытанне прагучала з залы.

Адказ пачаўся з эпізодаў сямейнай гісторыі. Аказваецца, да 12 гадоў была асуджана малодшая сястра Марыя. Бацька-ветэран, што вярнуўся з вайны без нагі, паехаў у Маскву. Заступніцтва самага Варашылава дазволіла вызваліць ды рэабілітаваць сястру.

«Тварылі да чорта», – заўважыў Мікалай Чаргінец.

Яму не вельмі падабаецца выраз «сталінскія рэпрэсіі»: за ягонае імя гінулі салдаты, краіна выстаяла ды не было міжнацыянальнай варажнечы. Сенатар зрабіў агаворку на дэпартацыю татар, якія «сапраўды стварылі з фашыстамі полк», хоць сярод іх «былі і нявінныя людзі».

«Лес рубяць – шчэпкі ляцяць, – падсумаваў пісьменнік і выказаўся пра Ларысу Геніюш. – Я не ведаў пра яе. Я думаў, што ўсіх ужо рэабілітавалі».

ХМ belsat.eu

Стужка навінаў