Міхэіл Саакашвілі даў прэс-канферэнцыю ў Варшаве. Онлайн


Палітык анансаваў на 13 лютага правядзенне сустрэчы з журналістамі. «Белсат» будзе весці онлайн. Пачатак а 15:00 па Менску.

«У мяне не было намераў быць цяпер у Варшаве. Учора ў чарговы раз украінскі алігархат вырашыў ад мяне пазбавіцца і незаконна вывезці з краіны. У рэстаране, дзе мы сустракаліся з сябрамі, каб абмеркаваць праект, мяне затрымлі спецназаўцы, скруцілі, увесь час прымянялі фізічную сілу. У аўтобусе трымалі 45 хвілінаў, вазілі з маскай на галаве. Пасля перасадзілі ў верталёт, даставілі ў Барыспаль, адтуль самалётам у Варшаву», – гэткімі словамі распачаў прэс-канферэнцыю Саакашвілі.

Ён кажа, што яго не мелі права выгнаць з Украіны.

«Я хачу сказаць гэтым ідыётам перад тым, як я вярнуўся з Польшчы, у мяне не было іншага грамадзянства, акрамя грамадзянства і пастаяннага месца жыхарства Украіны. Нельга было мяне пазбаўляць грамадзянства».

«Я тут і я ім кажу, каб мяне забралі і судзілі ва Украіне. Але як? Калі ўся справа фэйкавая. Якім чынам будзе весціся гэтая крымінальная справа?».

13 лютага 2018 года. Міхэіл Саакашвілі распавядае журналістам пра свае далейшыя планы. Варшава, Польшча. Фота – Дзяніс Дзюба

«Дарагія ўкраінцы, вамі кіруюць паталагічныя брахуны».

«Парашэнка лічыць, што пазбавіўся апанента, якога ён больш за ўсё баіцца. Ён сфальсіфікаваў справу супраць мяне і выкінуў з краіны. Не таму, што маю грошы ці войска альбо за мной структуры, а таму, што мяне немагчыма купіць і я з імі не дамаўляўся. Я адмовіўся дамаўляцца з імі ў Адэсе – заняцца «фандрэйзінгам» у тамтэйшых бізнесменаў і адмовіўся закрыць вочы на бязмежжа. Я буду ўзнаўляць сваё грамадзянства. Мая шыя пасля ўчора баліць, але яна пройдзе, аднак мы звернем шыю ўкраінскаму алігархату. Яны пойдуць ва ўкраінскую турму, там ім самае месца. Я абяцаю гэта Парашэнку, Луцэнку ды іншым».

«Я буду практычна так сама эфектыўны ў Еўропе цягам наступных некалькіх тыдняў, як ва Украіне. Свабодны Саакашвілі тут для Парашэнкі больш небяспечны, чым той, якога пераследавалі там. Мы мірна адсунем алігархаў ад уладаў».

«Украінскі народ трэба ратаваць ад карупцыі. Парашэнка і яго злачынная групоўка – гэта непаразуменне».

«Людзі, якія затрымлівалі мяне, абмяркоўвалі, як разганялі Майдан».

«Наступныя некалькі дзён я буду ў Нідэрландах, а пасля буду перамяшчацца па ўсёй Еўропе».

«Наконт Генпракуратуры, я звяртаўся да Луцэнкі, каб ён дапусціў мяне да следчых дзеянняў і судовых паседжанняў. Хачу, каб мяне вызывалі на допыты. Я вымагаю справядлівасці па справе дзяржаўнага перавароту».

«Апошні раз мяне з Украіны дэпартаваў Януковіч. Я сабраў групу еўрапарламентарыяў, мяне не хацелі пускаць, але яны мяне правялі. Я выступіў на Майдане, пасля Януковіч вымусіў мяне выехаць з Украіны. Праз некалькі тыдняў ён сам пакінуў Украіну, і я вярнуўся. Таму я добра ведаю гэты маршрут Варшава-Кіеў. Я спакойна вярнуся нейкім рэйсам, Парашэнка канец».

«Парашэнка кінуў людзей. Яны змагаліся за Украіну, ім абяцалі грамадзянства, нічога не далі».

Затрыманне Саакашвілі

Міхэіла Саакашвілі брутальна затрымалі ў кіеўскім рэстаране «Сулугуні» 12 лютага і пасля вывезлі на самалёце ў Варшаву. Палітыка пусцілі на тэрыторыю Польшчы паводле заявы аб рэадмісіі (вяртанне нелегала ў краіну, адкуль ён нелегальна прыбыў – заўвага belsat.eu), пададзенай Нацыянальнай міграцыйнай службай Украіны.

Саакашвілі папрасіў дапамогі ў Мэркель ды ЕЗ і паабяцаў вярнуцца ва Украіну.

У ліпені 2017 года Пётр Парашэнка пазбавіў Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства, бо ў 2015 годзе Саакашвілі нібыта ўказаў недакладную інфармацыю ў заяве на атрыманне грамадзянства і не паведаміў аб судзімасці. У дачыненні да лідара «Руху новых сілаў» украінскія праваахоўнікі вядуць расследаванне па падазрэнні ў фінансавым падтрыманні ад алігарха Сяргея Курчэнка, які бег з Украіны.

Саакашвілі таксама пазбаўлены грамадзянства Грузіі. Родная краіна патрабуе экстрадыцыі экс-прэзідэнта.

У Грузіі суд завочна прысудзіў Саакашвілі да 3 гадоў турэмнага зняволення па абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў