Міхэіл Саакашвілі: Парашэнка пайшоў на жахлівыя здзелкі з Авакавым 


Былы прэзідэнт Грузіі і губернатар Адэскай вобласці Міхэіл Саакашвілі заявіў, што ў бліжэйшыя месяцы ва Украіне адбудзецца змена палітычнага класа. Ён падкрэсліў таксама, што не збіраецца пакідаць украінскую палітыку.

На гэтым тыдні стала вядома, што Саакашвілі пазбавілі грамадзянства Украіны – нібыта на падставе ілжывых звестак, якія ён падаваў у анкеце, калі атрымліваў грамадзянства ў траўні 2015-га.

«Я ўзяў абавязацельствы перад народам Украіны. Парашэнка вельмі спадзяецца, што я зараз супакоюся і пераключуся на іншыя тэмы. Ён сказаў, што мне, маўляў, няма куды дзецца, таму я швэндаюся ва Украіне. Не, мне ёсць куды дзецца – толькі ва Украіне! Я сказаў, што давяду да канца барацьбу ва Украіне. Я сябе адчуваю ўкраінцам», – адзначыў ён у інтэрвю «Украінскай праўдзе».

Паводле Саакашвілі, ва Украіне была рэвалюцыя, але не было рэвалюцыйных зменаў.

«Рэвалюцыю трэба завяршаць зменамі і рэальнай заменай палітычнага класу. І гэта адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы. Новы палітычны клас гатовы», – заявіў ён.

Саакашвілі адзначыў, што Пятро Парашэнка цяпер робіць тое ж самае, што рабіў Віктар Януковіч. Галоўная матывацыя Парашэнкі, паводле былога губернатар Адэскай вобласці, гэта зарабляць грошы.

«Парашэнка проста пайшоў на жахлівыя здзелкі з Авакавым (кіраўнік МУС Украіны – «Белсат»). Гэта былі ўгоды не проста на ўзроўні ўрада, а на ўзроўні кантролю над радовішчамі, над дзяржаўнымі актывамі, над плынямі на мытні, па вяртанню ПДВ. Яны проста падзялілі краіну паміж сабой, і групоўка Яцанюка атрымала кампенсацыю за тое, што прэмʼерам цяпер стаў Гройсман, які, дарэчы, пастаянна раіцца з Яцанюком. Рэальна Яцанюк кіруе цяпер урадам. Але ўрадам я таксама гэта назваць не магу, таму што яны абсалютна недзеяздольныя», – падкрэсліў ён.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў