Міхал Боні: Мінуўшчына малюе карцінку, вельмі далёкую ад аазісу дэмакратыі ў Беларусі

video

«Мы не будзем граць у спектаклі ўладаў Беларусі», – такую гучную заяву зрабіў днямі ў Менску старшыня Еўрапейскай народнай партыі, – кіроўнай сёння ў Еўрапарламенце – Жазэф Доль. І дадаў: «Ужо сёння відавочна, што парламенцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі, не будуць ані празрыстымі, ані дэмакратычнымі». Словы еўрапейскага чыноўніка «Белсату» пракаментаваў сябра Еўрапейскай народнай партыі, дэпутат Еўрапарламенту, былы міністр працы Польшчы Міхал Боні.

Ці згодныя з выказваннямі старшыні вашай партыі наконт выбараў у Беларусі і чаму?

Застаецца шмат сумневаў і пагрозаў, якія датычаць найперш не надта ружовай мінуўшчыны, таго, што адбывалася ў беларускай палітыцы раней. І мы цяпер мусім рупліва і пільна адсочваць сітуацыю з парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Некаторыя звесткі, якія паступаюць ад прадстаўнікоў АБСЕ, даюць нам пэўны аптымізм, сведчаць пра тое, што рыхтаванне да гэтых выбараў адбывалася нібы крыху лепш, чым да мінулых. Але, вядома, засмучае той факт, што на 110 месцаў у парламенце прэтэндуе толькі каля васьмісот кандыдатаў, і толькі каля 40 % з іх аніяк не звязаныя з уладамі ці з праўладнай партыяй.

Але паглядзім! Паглядзім, каго ўрэшце абяруць у парламент, і ці трапяць туды незалежныя кандыдаты. 11 верасня для Беларусі – гэта своеасаблівы«чэкінг-тайм» – час праверыць, як ідуць справы.

А як вы пракаментуеце словы старшыні выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якая Алеся Лагвінца, аднаго з кандыдатаў на дэпутацтва, параўнала ні больш ні менш з… дяблам? Як вам гэтая «манстэрызацыя» апазіцыі?

Гэта, зразумела, не вельмі добры прыклад дэмакратычных працэсаў у грамадстве.

Прысвойваць палітычным апанентам агідныя мянушкі, абражаць, атакуючы іх такім чынам і правакуючы прамовы нянавісці ў бок апазіцыі, – гэта ўсё, вядома, дрэнна для дэмакратыі.

І мы разумеем цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі вельмі добра: кіраўніцтва краіны, усе прадстаўнікі ўладаў, гэтак званыя дзяржаўныя медыі не развіваюцца дэмакратычным шляхам. І ўся мінуўшчына, уся найноўшая гісторыя Беларусі даюць нам доказы гэтага. Але, з іншага боку, мы працягваем спадзявацца, што пэўныя дэмакратычныя працэсы ў Беларусі ўсё ж мусяць распачацца.

Жазэф Доль таксама заявіў, цытую: «Мы ведаем, што 11-га верасня галасаванне не будзе сумленным. Відавочна, што правілы празрыстай дэмакратыі не будуць паважацца. Я не баюся гэтага сказаць, і я сказаў гэта ўладам Беларусі». Чаму, на аснове якой інфармацыі зробленыя гэтыя высновы? Бо справаздачы АБСЕ яшчэ не было.

Мы мусім арганізаваць працу больш як васьмісот незалежных назіральнікаў падчас гэтых парламенцкіх выбараў у Беларусі. Са шмат якіх замежных краінаў, у тым ліку з Еўропы, з разнастайных еўрапейскіх інстытуцыяў. Не сакрэт, што будуць сярод іх і тыя, хто падтрымлівае прэзідэнта Лукашэнку. Давайце ўсё ж крышачку пачакаем, паглядзім, якую інфармацыю, якія ацэнкі дадуць нам гэтыя назіральнікі, які тон будзе ў паслявыбарчай справаздачы місіі АБСЕ. Паўтаруся, у нас застаецца шмат сумневаў наконт празрыстасці ды сумленнасці выбараў, бо нядаўняя мінуўшчына Беларусі не дае пазбавіцца гэтых сумневаў. Бо гэтая мінуўшчына малюе карцінку, вельмі далёкую ад аазісу дэмакратыі ў Беларусі. Ну вельмі далёкую!

На вашай радзіме, у Польшчы, відаць, шмат хто ўжо даўно забыўся, што такое нячэсныя ды непразрыстыя выбары… Але што Ваш уласны досвед, мо з часоў камуністычнае Польшчы, сведчыць на гэты конт: што рабіць – ісці на выбары ці не ісці? Ці слушна зрабілі тыя дэмакратычныя кандыдаты, якія, ведаючы, што іх здымуць з гонкі, усё ж прынялі ўдзел у гэтым фарсе?

Я быў чальцом «Салідарнасці» і быў вельмі актыўны ў палітыцы ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Для нас было важна ўсвядоміць, што мы не маем права прымаць рашэнні за народ, за выбарнікаў, і мы ня можам навязваць сваіх рашэнняў. Што мы можам, дык гэта назіраць за выбарчым працэсам ды рабіць намаганні дзеля справядлівасці і празрыстасці. І нам гэта ўдалося пры канцы 80-х. Гэта, думаю, было вельмі важным!

Такім чынам, у тым ліку, мы распачыналі будаваць грамадзянскую супольнасць у сітуацыі, якая склалася ўжо напрыканцы 90-х, калі ў нас адбыліся першыя ў гісторыі напалову, я б сказаў, свабодныя выбары. Яны сталі паваротным, вырашальным момантам у нашай дэмакратыі.

Грамадзянскую супольнасць трэба будаваць!

І мы мусім гэта рабіць, калі хочам мець дэмакратычнае і адказнае грамадства ў сваёй краіне. Гэта, мяркую, не толькі палітычнае пытанне. Гэта пытанне, як зрабіць людзей, свой народ значна смялейшым. А з іншага боку, трэба стварыць для сябе магчымасць кантраляваць дзеянні ўладаў ды паводзіны палітычных лідараў. Важную ролю ў гэтым працэсе грае міжнародны маніторынг у Беларусі ды ціск міжнароднай супольнасці на ўлады Беларусі. Цяпер і ў будучыні.

Размаўляў Алесь Сіліч

Глядзі таксама
Каментары